Дыджэй Funk D'Void запрасіў беларусаў на адкрыццё свайго клуба (фотарэпартаж)

Клуб адкрыецца ў Барселоне ў траўні, а пакуль дыджэй актыўна гастралюе па свеце і на адну ноч завітаў нават у Мінск. Вечарына з Funk D'Void прайшла на выходных ў клубе "НЛО". Дыджэя, якога называюць адным з лепшых хаўз-дыджэяў планеты, запрасіў ў Мінск Аляксей Кутузаў, ён жа DJ I.F.U. каб такім чынам адзначыць свой дзень нараджэння.

“Насамрэч я даўно хацеў запрасіць Фанк Д’войда. Ён выдатны музыка, прадзюсер і да таго прафесійны дыск-жакей.



Але раней усё ніяк не атрымоўвалася, а тут мы вырашылі папрацаваць з клубам “НЛО”, а ў іх палітыка крыху дзіўная: запрашаюць толькі тое, што вясёлае, сучаснае, моднае і танцавальнае.

Таму такі чалавек як Фанк Д’войд як мага лепш падышоў і для іх, і для нас,” — патлумачыў свой выбар Аляксей.



Тым не менш на вечарыне Еўрарадыё не пабачыла вялікай колькасці клабераў, якія звычайна наведваюць мерапрыемства “ад” ці “з” дыджэем I.F.U. Больш было “дарагой” энэлошнай публікі.



“Не, яны былі! Можа, не ў такой колькасці, як звычайна. Канкурэнцыя зараз у горадзе з вечарынамі!” — прызнаўся Кутузаў.





Галоўны госць ночы — Фанк Д’Войд — пасля свайго сэту трапіў адразу да мікрафону Еўрарадыё. Яму вельмі спадабалася, як публіка рэагавала на ягоную музыку, і што так шмат людзей танчыла.



“Тут усё крута! Апошнія мае дзве вечарыны былі жудаснымі. Нейкі дрэнны лёс мяне спаткаў. Я граў у Парыжы ў напаўпустым клубе, а пасля выступаў у Польшчы — дык там увогуле нікога не было. А тут усё добра з арганізацыяй і людзьмі. Проста шыкоўна! Сур'ёзна. Я адпачываю” — сказаў Д’Войд.



Фанк Д’войд вельмі прабачаўся, што ягоны першы прыезд у Мінск аказаўся такім кароткім — усяго 24 гадзіны, але ён абяцаў вярнуцца. І нават больш — запрасіў усіх беларусаў на адкрыццё свайго новага клубу Seco ў Барселоне.



Клуб яшчэ ў працэсе будоўлі, але вялікая вечарына ўжо запланаваная на 22 траўня. Як кажа сам дыджэй, “гэта мусіць быць лепшы клуб ва ўсёй Іспаніі”.



“Сур’ёзна, прыязджайце 22 траўня ў Барселону на адкрыццё майго клуба, там будуць граць жывыя сэты я, дыджэй Люсіяна і Джоні Дзі. Усіх запрашаю!” — сказаў Фанк Д’Войд. — Калі баіцеся згубіцца — можаце заўсёды патэлефанаваць мне, я прывяду вас у свой клуб і пакажу рэальную Барселону!”



Падрабязнасці пра гэты новы клуб і ўвогуле пра клубнае жыццё Іспаніі, пра фестываль Сонар, лёс электроннай музыкі і тое, як зарабіць продажам уласных маек, слухайце ў інтэрв'ю з Фанк Д’Войдам, якое выйдзе на Еўрарадыё ў суботу, 18 красавіка ў 19:30.

Майспэйсы дыджэяў: Funk D'Void, I.F.U.

Фота: Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі