Дзе яшчэ ў былым СССР зносілі помнікі Леніну? (Фота)

8 снежня 2013 года ў Кіеве дэманстранты скінулі з пастамента помнік Леніну на Бесарабскай плошчы. Маладыя людзі ў масках аблыталі Ільіча вяроўкамі, зачапілі іх за дрэвы і пацягнулі. З другой спробы Ільіч ўніз галавой паваліўся з пастамента. Відэа глядзіце ў канцы артыкула.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, дзе яшчэ на постсавецкай прасторы людзі "пазбаўляліся" ад помнікаў Леніну.

Насамрэч, украінцы ўзяліся за Леніна сур'ёзна. У пачатку лістапада прыбралі Ільіча ў горадзе Ямполь Вінніцкай вобласці. Замест яго мясцовыя ўлады вырашылі ўсталяваць 4-метровую статую Багдана Хмяльніцкага, піша "Взгляд".

У пачатку сакавіка 2013 г. помнік Леніну па рашэнні мясцовых дэпутатаў дэмантавалі на галоўнай плошчы Белгарада. На месцы , якое займаў правадыр сусветнага пралетарыяту, усталявалі стэлу "Горад воінскай славы":

У кастрычніку 2008 года неаднаразова судзімы 40-гадовы мужчына адламаў правую руку помніка Леніну ў Ніжнім Ноўгарадзе. Да манумента ён падабраўся з дапамогай лесвіцы, скрадзенай на бліжэйшай будоўлі. Помнік адноўлены да 22 красавіка 2009 года — 139-й гадавіны са дня нараджэння Леніна.

Летам 2007 года помнік Леніну таемна знеслі ў Омску. Ленін стаяў прама насупраць храма, разбуранага ў 1940-я і адбудаванага ў наш час.

Акрамя яго , у Омску да гэтага часу захоўваюцца 11 помнікаў Леніну.

Помнік Леніну працы беларускага скульптара Заіра Азгура разбураны 6 красавіка 2004 ў Пушкіне, што недалёка ад Санкт -Пецярбурга. Гэта адбылося а 6-й раніцы, проста пад носам у пушкінскай міліцыі, будынак якой размешчана непадалёк, піша gorod-pushkin.info. Манумент быў адкрыты 22 красавіка 1960-га, да 90-годдзя правадыра.

Заір Азгур стварыў помнікі Леніну шмат для якіх савецкіх гарадоў. Некаторыя яго работы сёння захоўваюцца ў Доме-музеі скульптара ў Мінску. У прыватнасці, там ёсць хітраваты Ленін, які ўвесь час глядзіць на цябе са свайго кутка, у якім бы месцы пакую ты не стаў.

8 чэрвеня 1991 года, яшчэ да жнівеньскага путчу разбураны помнік Леніну ў Грозным. Праз 17 гадоў дэмантавалі і пастамент, на якім стаяў Ільіч . Цяпер плошча Леніна носіць імя Абубукара Кадырава.

Акрамя гэтага помніка, у Чачні з 1991-га разбурылі яшчэ 5 статуй і бюстаў Леніна.

Складаны лёс помніка Леніну ў Ташкенце. Усталяваны ў 1956 годзе, ён праз 10 гадоў быў разбураны землятрусам. Яшчэ праз 8 гадоў статую аднавілі на ранейшым месцы. Але ненадоўга: у 1991 Леніна дэмантавалі.

Знесены ўсе тры помніка Леніну ў Тбілісі. Плошча, якая насіла імя Леніна, цяпер называецца плошчай Свабоды .

У сакавіку 2008 года знеслі апошні помнік Леніну ў Душанбэ. Замест правадыра вырашылі паставіць помнік Рудакі — таджыкска-персідскаму паэту, які жыў у IX стагоддзі, паведамляе сайт "Время востока".

А 30 мая 2011 года знеслі помнік Леніну ў Худжандзе. Гэта быў самы высокі Ленін не толькі ў Таджыкістане, але і ва ўсёй Цэнтральнай Азіі.

Наш спіс не прэтэндуе на тое, каб быць поўным. Пасля распаду СССР з помнікамі Леніну не цырымоніліся. Для многіх яны сімвалізуюць акупацыю, прыгнёт, разгром праваслаўнай царквы. Але, з другога боку, сціраючы памяць аб мінулым, ці не спрыяюць маладыя людзі ў масках паўтору гэтага самага мінулага?

Фотарэпартаж: у Полацку працуе ўнікальны музей "Эпоха Леніна"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі