Дзеля “Масакры” расійскі артыст вывучыў беларускую мову
На прэм'еру новага беларускага кіно ў Брэст завіталі актрыса Святлана Зелянкоўская і рэжысёр Андрэй Кудзіненка, якога чакалі бацькі, аднакласнікі і нават знаёмы
У Брэсце ў рамках кінафестывалю “Лістапад” адбылася “Масакра”. Фільм
адбыўся, таму што на яго прэм'ерны прагляд прыйшоў глядач. Абедзьве
залы, і ў кінатэатры 1-га Мая, і ў “Беларусі”, былі поўныя. І
абмеркаванне пацвердзіла напісанае на флаеры: Mаssаcre наша іншае кіно.
На
прэм'еры ў Брэсце былі рэжысёр Андрэй Кудзіненка і актрыса Святлана
Зелянкоўская. Святлана ад’язджала на здымкі, таму на абмеркаванне фільма
не заставалася. Гаварыла амаль на хаду.
Святлана Зелянкоўская:
"Мая дачка папрасілася паглядзець фільм яшчэ раз або купіць DVD. Там
многа чароўнага, чаго багата ў казках. Любові многа. І Дзмітрый Мілер ёй
спадабаўся. Гэта расейскі артыст. Адмыслова для гэтага фільма навучыўся
беларускай мове і гаворыць лепш за некаторых беларускіх акцёраў".
Рэжысёр-пастаноўшчык
Андрэй Кудзіненка патлумачыў, чаму “Масакра”: слова незацяганае, шмат
каму незразумелае, таму містычнае, але і само па сабе пагрознае, бо
азначае “разня”, таму прыдатнае на ролю сімвала беларускай гісторыі. Але
гэта не клішэ.
Андрэй Кудзіненка: "Я раблю заўсёды
іншыя фільмы ў розных жанрах. Трэба мяняцца. На “Масфільме” рабіў
моладзевы праект, “Розыгрыш”, таксама ў Расіі зроблены незалежны артхаўс
“Акупацыя. Містэрыі”.
Нагадаем, “Масакра” зробленая ў
Беларусі на грошы студыі “Беларусьфільм” і апісвае падзеі на нашай зямлі
ў ХІХ стагоддзі. У маёнтку графа Пазуркевіча разыгрываецца крывавая
драма, замешаная на каханні.
Абмеркаванне ў кінатэатры “Беларусь” было раўналежным фільму.
Глядачка: "Мы разам з табой прайшлі Акадэмію мастацтваў…"
Андрэй Кудзіненка: "І дзіцячы сад..."
Глядачка: "Так,
ад дзіцячага садка і да Акадэміі. Даўно цябе не бачыла і радая цяпер
павіншаваць з тым, што зрабіў добры фільм, зрабіў лёгка. Мяркуючы па
пытаннях і рэакцыі, фільм спадабаўся і нашаму, і малодшаму пакаленню.
Брэстаўчане могуць ганарыцца такім земляком!"
Андрэй
Кудзіненка ў Брэсце дома. У зале былі ягоныя бацька і маці, шмат
аднакласнікаў, знаёмых. Вучыўся ён у школе №7 з паглыбленым вывучэннем
нямецкай мовы. Гэтую мову “alles vergessen“, усё забыўся.
У Брэсце фільм пайшоў добра. Як будзе прадавацца далей?
Андрэй Кудзіненка: "Ёсць
цяжкасць такая. “Беларусьфільм” прадаецца дрэнна. Цяжка ламаць
стэрэатып. А што да фільма, то на яго выдаткавалі каля 5 мільярдаў
беларускіх рублёў. На “Беларусьфільме” да 60 адсоткаў ідзе на падаткі.
Для такога замаху ён малабюджэтны быў".
Паводле слоў
Кудзіненкі, у планах зняць фільм па сцэнары Артура Клінава, “замешаным
на Яне Баршчэўскім, Дастаеўскім і Караткевічу”. Фільм мае быць пра
трагедыю царазабойства як трагедыю беларускай душы.