“Дзень радыё”: “Крама” і Neuro Dubel вярнуліся да гледачоў

Жывы гук з фэста — у парадку выхада на сцэну: "Мутнаевока", Pomidor/OFF, "Крама", :B:N:, Neuro Dubel.

6 траўня ў клубе Re:Public Еўрарадыё зладзіла вялікі канцэрт да Дня радыё. На сцэне музыкі, якія выраслі ў эпоху радыё — “Крама”, Neuro Dubel і Pomidor/OFF. Крыху маладзейшыя — :B:N:. Першымі выступаюць зусім маладыя (па мерках “дыназаўраў”) — “Мутнаевока”.

“Мутнаевока” з месца ў кар’ер узразае залу рэзкім гітарным гукам. Гурт зараз у выдатнай форме. Саспела зорка! У музыкаў усё атрымліваецца, а франтмэн Яўген Змушка скача па сцэне не горш за Іллю Чарапко-Самахвалава і, не шкадуючы сябе, падае і катаецца па ёй, як ранні Аляксандр Кулінковіч.

Хлопцы адыходзяць ад гранжа ў бок больш удумлівага гуку. На фэсце “Дзень радыё” яны прэзентуюць новую песню “Восьмая восень”.

“У маім пакоі амаль заўжды гучыць радыё, — здзіўляе Еўрарадыё пасля сэта лідар “Мутнаевока” Яўген Змушка. — Ёсць хвалі з музыкай, якая мне падабаецца. І я люблю, калі захаваліся праграмы, дзе людзі проста размаўляюць з вядоўцам, з госцем у студыі. Час ад часу і мяне туды запрашаюць. Для мяне гэта вельмі важна — мець кантакт з людзьмі і такім чынам, праз радыё. Што праўда, яго роля зараз крыху зменшылася. Я ведаю добрых музыкаў, якія пішуць песні адмыслова пад радыёфармат. Іх актыўна круцяць, але сольны канцэрт яны сабраць не могуць…”

Тым часам у грымёрцы з’яўляецца Аляксандр Памідораў са сваімі бясконцымі гісторыямі і ўспамінамі. Быццам бы на замову, музыка прыгадвае легендарную мінскую FM-станцыю “101,2”: “З музыкаў там працавалі Лявон Вольскі, Кася Камоцкая… А я прыходзіў і запісваў там розныя жарты і показкі, але грошай за гэта не атрымліваў! Пераацаніць “101,2” цяжка: увесь “Народны альбом” запісаны на іх студыі!”

Pomidor/OFF выходзцяць на сцэну наступнымі. Пакуль музыкі наладжваюцца, вядучы імпрэзы — журналіст Еўрарадыё Ілля Маліноўскі — задае публіцы пытанні, звязаныя з радыё. Напрыклад, такое: “Ёсць у гурта Queen песня, пад уплывам якой прыдумала свой псеўданім адна эпатажная сучасная спявачка. Пра каго ідзе гаворка?” Думайце, адказ — у канцы тэкста :)

Дарэчы, яшчэ адна нагода хадзіць на жывыя канцэрты: за дакладныя адказы на пытанні гледачы атрымліваюць прызы! Еўрарадыё разыгрывае фірмовыя сумкі і майкі, дыскі з беларускай музыкай і прызы ад кампаніі "Рок-салідарнасць".

Pomidor/OFF працягвае “цяжкую” хвалю: грае хіты з альбома і прэзентуе песні з сінгла пад працоўнай назвай “Летняя спёка”, якога гэтай самай летняй спёкай і трэба чакаць. 

І вось, легенда вяртаецца! Словы песень, якія гучаць наступнымі, ведаюць амаль усе. Ды і як не ведаць “Будзь разам з намі”, “Выпі са мной да дна”, “Камэндант”… Шмат для каго з гэтых песень пачалася беларуская мова. Альбому “Хворы на рок’н’рол” гурта “Крама” сёлета спаўняецца 20 гадоў, але ён гучыць так, быццам бы яго запісалі ўчора.

Ігар Варашкевіч выстаўляе мікрафон у залу, і гледачы спяваюць разам. У клубе Re:Public зараз не менш за 800 чалавек… Яшчэ крыху — і на танцполе было б не праціснуцца! У гэты момант мы адчуваем сябе аднадумцамі. Беларускі рок патрэбны, беларускі рок жывы! І пад сумнае, але ўжо неўміручае “Будзь разам з намі” верыцца, што светлы анёл сапраўды вернецца, і ахіне нас. І рок’н’рол дапаможа.

“Я вырас у часы, калі асноўнай крыніцай інфармацыі было радыё”, — кажа са сцэны лідар "Крама" Ігар Варашкевіч. Паважанага віда мужыкі ў касухах з разуменнем ківаюць галовамі. Але большая частка танцпола верыць з цяжкасцю. Можа быць, гэта першы раз, калі фанаты :B:N: трапляюць на канцэрт “Крамы”. Усё ж такі музыкі з Бярозы нашмат маладзейшыя. А паўза паміж вялікімі выступамі “Крамы” накрыла апошнія пару гадоў...

На сцэне :B:N:, і танцпол, крыху суцішаны блюзам, ізноў разыходзіцца! Пачынаецца слэм, а дзве прыгожанькія паненкі нават вырашаецца на стэйдждайвінг! Бярозаўскія рамантыкі на хвалі!

Не абыходзіцца і без непаразуменняў:

“Цікава, ён быў у Токіа, ці проста так спявае?” — пытаецца ў мяне дзяўчына на танцполе, калі Алесь Лютыч спявае песню “Толькі я”. Я толькі ўсміхаюся ў адказ, і дзяўчына вельмі просіць не выдаваць яе.

:B:N: не граюць ні “Не трывай”, ні “Спіралі”, ні “Дажджамі”, але і без гэтых бясспрэчных хітоў іх сэт “заходзіць”. Нарэшце, гучыць фірмовы кавер на “Канюшню”.

Апошняе пытанне ад Іллі Маліноўскага — і сцэну акупуе Neuro Dubel! Музыкі зараз занятыя ўзнаўленнем напаўзабытых песень, але берагуць іх для сольнага канцэрта 17 траўня. Нават песню “Гагарин” выкрэсліваюць з сэт-ліста.

 

“Резиновый дом” там застаецца, але яго “дзюбеля” сыграць не паспяваюць… "Раз, два, три", “Сергей Иваныч”, “Самураи”… Аляксандр Кулінковіч сігае на рукі фанатаў, спявае з танцпола, але яго асцярожна вяртаюць на сцэну. І не менш традыцыйны фінал — “Ничего на Свете больше нету!”

“На наступным канцэрце мы табе 16 “Резиновых домов” сыграем, і яшчэ на біс!” — жартуе гітарыст гурта Віталь Абрамовіч, калі я скарджуся на адсутнасць любімай песні.

Вяртаюся да гледачоў, якія разыходзяцца з танцпола. Тут расчараваных няма! Сустракаю старую, яшчэ ліцэйскую знаёмую Алену:

“Я прыйшла паслухаць усіх. І маладых, і “дыназаўраў”. “Крама” па-за канкурэнцыяй за кошт мегамайстэрства, Neuro Dubel — за кошт мегапапулярнасці. А на чым грунтуецца гэтая папулярнасць? ND — гэта настолькі тонкі панк, настолькі інтэлігентны… Калі ўвогуле можна слова “інтэлігентны” сказаць пра панк — гэта інтэлігентны панк. Дзякуючы ім я ведаю, што панк можа быць і такі”.

Тым часам, на гадзінніку 23:00. Дзень радыё… Толькі праз гадзіну! Але мы ўжо адсвяткавалі. І не горшым чынам!

Да, ледзь не забыўся… Правільны адказ на пытанне Іллі Маліноўскага — Lady Gaga. І квіноўская песня “Radio Gaga” сёння вельмі да месца!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі