Джэйсан Бонэм ладзіць трыбют-тур Led Zeppelin

Сын памерлага бубнача Led Zeppelin Джона Бонэма (John Bonham) плануе правесці тур, прысвечаны гісторыі легендарнага гурта.
Падчас будучых канцэртаў Джэйсан Бонэм і яго калегі будуць выконваць песні Led Zeppelin, дапаўняючы канцэртныя нумары кадрамі архіўных хронік, якія захавалі выступы «цэпелінаў».

Турнэ ладзіцца ў памяці пра Джона Бонэма, які памёр 30 гадоў таму - у верасні 1980-га. З яго смерцю абарвалася і кар'ера Led Zeppelin.

«Гэта персанальная экскурсія па творчасці Led Zeppelin і майго жыцця, - кажа 43-гадовы Джэйсан Бонэм, які, як і бацька, стаў бубначом. – Гэта даніна памяці майму бацьку і той музыцы, якая натхняла мяне з дзяцінства. Я жадаю паказаць гісторыю Led Zeppelin ад пачатку і да канца, выконваючы нажыва іх песні, якія сталі сапраўднай класікай рок-музыкі».

Па словах Бонэма-малодшага, на гэтую ідэю яго натхніў музычны спектакль «Rain, A Tribute to the Beatles», які ён убачыў некалькі гадоў таму. «Мне вельмі спадабалася гэта шоў і яго афармленне – у прыватнасці, сумяшчэнне жывога канцэрту і гістарычнай хронікі, - распавядае Джэйсан. – І я загарэўся ідэяй зрабіць нешта падобнае з Led Zeppelin».

Імёны музыкаў, якія будуць граць разам з Джэйсанам Бонэмам, роўна як і даты бліжэйшых канцэртаў Jason Bonham’s Led Zeppelin Experience – пакуль не анансуюцца.

Фота: brisbanetimes.com.au

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі