Дзіма: Нумар майго мабільнага тэлефона хацелі купіць за 600 еўра

Еўрарадыё вырашыла высветліць, хто з’яўляецца ўладальнікам самых “крутых” нумароў тэлефона. Аказалася, што нумар 777-77-77 яшчэ не выкуплены. Спачатку трэба спадабацца дырэктару МТС, а пасля ўжо — стаць шчаслівым уладальнікам. Датэлефанавацца па найбольш простых тэлефонах у карэспандэнта Еўрарадыё не атрымалася. Шчаслівы нумар 777-77-77 проста не існуе, а вось абаненты нумароў 111-11-11, 222-22-22, 333-33-33 былі недаступныя. Калі камбінацыя з шасцёрак палохае многіх, то ўладальнік тэлефоннага нумара 666-66-66 купіў яго спецыяльна. Спасылаючыся на важныя справы, малады чалавек не захацеў адказаць на іншыя пытанні.

Нягледзячы на тое, што нумары складаюцца з аднолькавых лічбаў і лічацца простымі, некаторыя псіхолагі прызнаюць іх ледзь не самымі шкоднымі для здароўя абанентаў. Чалавек, набіраючы такі нумар, часта не ведае, калі спыніцца, а таму нервуецца. Іншага погляду прытрымліваюцца ў кампаніі МТС: нумар кшталту 777-77-77 лічыцца “плацінавым” і каштуе ўсяго 315 тысяч. Аднак, па словах аператара, не кожны жадаючы можа стаць уладальнікам такога нумару.


Аператар: Трэба яшчэ згода генеральнага дырэктара. Трэба будзе напісаць заяву, і пры станоўчым выніку можна будзе падключыцца.


Нумар 606-06-06 належыць більярднаму клубу “Стэп”. Уладальнік клуба кажа, што нумар яму дастаўся па спадчыне ад сябра. Для яго гэта толькі добрая камбінацыя лічбаў, якія лёгка запамінаюцца, і не болей. Калі будзе цікавая і выгадная прапанова, тады ён з лёгкасцю можа прадаць нумар.

Еўрарадыё: Былі такія выпадкі, калі вам прапаноўвалі прадаць свой нумар?

Уладальнік клуба: Пакуль не, але мы чакаем цікавых прапаноў.

Еўрарадыё: За колькі вы гатовыя яго прадаць?


Уладальнік клуба: Пакуль яшчэ не думалі над гэтым пытаннем. Мы без праблем расстанемся з гэтым нумарам.
Дзмітры, уладальнік “срэбранага” нумара 777-5-777, набыў яго ў першы дзень адкрыцця МТС за 10 тысяч рублёў. Дарэчы, зараз такі нумар каштуе 210 тысяч. Ён разам з сябрамі і калегамі па працы ўзялі самыя лепшыя нумары.

Дзмітры: Мы скупілі амаль усе такія камбінацыі за выключэннем 3 і 7. Вось, напрыклад, 777-8-777 было ў майго сябра. Ён зараз з’ехаў у Іспанію. Не ведаю, прадаў ён яго ці не. 777-6-777 – нумар майго брата.

Дзмітры прызнаецца, што яму неаднаразова прапаноўвалі прадаць шчаслівы нумар, але цана яму не спадабалася.

Дзмітры: Прапаноўвалі па-рознаму — 500 долараў, 700 долараў. 600 еўра было максімальным.

Па нумары 234-56-78 нам адказала супрацоўніца МТС Вольга. Яна сказала Еўрарадыё, што такі нумар яна атрымала ад сваёй кампаніі. Сярод станоўчых момантаў: ён хутка запамінаецца, і яго не трэба нават запісваць. Але пасля дзяўчына прыгадала выпадак, калі вечарам ёй тэлефанавала жанчына і абвінавачвала яе, што Вольга сустракаецца з яе мужам.

Вольга: Мабыць, муж набіраў мой нумар і правяраў, ці ёсць ён такі ў прыродзе, а пасля званіла яго жонка і сварылася на мяне, што ён мне звоніць.

Нумар “наадварот” 765-43-21 таксама існуе ў прыродзе, але на момант, калі тэлефанавала Еўрарадыё, абонент быў недаступны.

Самы незвычайны званок, калі мужчына-іншаземец спачатку спрабаваў гаварыць з намі па-руску, але пасля запрасіў перакладчыка. Пасля шэрагу нашых пытанняў перакладчык Вікторыя сказала, што іншаземец згодны з намі пагаварыць, але пры асабістай сустрэчы.

Вікторыя: Вы, мабыць, здагадаліся, што абанент іншаземец (смяецца). Вы патэлефанавалі Часоваму Паверанаму ў справах Рэспублікі Турцыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Як правіла, уладальнікамі лёгкіх нумароў тэлефона з’яўляюцца мужчыны, але нават шчаслівыя сямёркі не могуць гарантаваць вам поспеху. Так, хлопец па нумары 377-70-77 аказаўся 26-гадовым беспрацоўным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі