Дзярждэп ЗША: у Беларусі няма роўнага доступу да СМІ для ўсіх кандыдатаў
ЗША непакоіць тое, што ў прэтэндэнтаў на пост прэзідэнта Беларусі няроўны доступ да СМІ. Пра гэта заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Дэніэл Расэл на сустрэчы з журналістамі ў Мінску 17 лістапада. Апроч таго, выклікае заклапочанасць адсутнасць шырокага прадстаўніцтва апазіцыі ў выбарчых камісіях, паведамляе БелаПАН. Сярод станоўчых момантаў цяперашняй выбарчай кампаніі Расэл лічыць магчымасць для прэтэндэнтаў свабодна збіраць подпісы і рашэнне беларускіх уладаў запрасіць міжнародных назіральнікаў. Ён падкрэсліў, што выбары павінны адпавядаць міжнародным стандартам, якіх прытрымліваюцца ў тым ліку і ЗША. Прадстаўнік Дзярждэпартаменту адзначыў, што Злучаныя Штаты не аддаюць перавагу ніводнаму з кандыдатаў і падтрымліваюць дэмакратычны, справядлівы і спаборніцкі выбарчы працэс.