Эканаміст: Там, дзе гандлююць нафтай, дакладна будзе адмыванне

120523 Zaika s.mp3

Еўрарадыё: Казначэйства ЗША распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што два беларускія банкі адмываюць грошы. На вашу думку, наколькі гэта праўдзівая інфармацыя?

 

Леанід Заіка: Гэта натуральная з’ява. Многія структуры фінансавай выведкі і выведкі міністэрстваў фінансаў займаюцца адсочваннем грашовых патокаў і выяўляюць фінансавыя ўстановы – гэта могуць быць банкі, страхавыя кампаніі, фінансавыя кампаніі наконт таго, наколькі далікатна ажыццяўляюцца пераводы фінансавых актываў. Увогуле, у поле зроку трапляюць банкі Германіі, Швейцарыі, Ліхтэнштэйна. Тое, што тычыцца афшорных банкаў – Кіпр, Саламонавы астравы – там усё даўно вядома і ідэнтыфікавана. Я думаю, што пры чарговым адсочванні здзелак гэтыя банкі патрапілі ў спіс. Гэта тэхнічная працэдура.

 

Еўрарадыё: Але што гэта могуць быць за грошы, і які на іх можа быць бруд?

 

Леанід Заіка: У нас невялікія банкі, яны не аперуюць вялікімі сумамі, як, напрыклад, расійскія. Гэта можа быць 5-10-15 мільёнаў, можа, крыху больш. звычайна гэта трансферты, якія ідуць ад пастаўшчыкоў нафтапрадуктаў, гэта могуць быць нават малыя прадпрыемствы, якія прадаюць нафтапрадукты. Цяпер могуць прадаваць новыя растваральнікі. Больш чым на мільярд долараў пад выглядам растваральнікаў ідуць нафтапрадукты. Частка здзелак афармляецца ў выглядзе пастаўкі тавараў, а потым ідзе грашовы перавод. Перавод можа быць шматпрыступкавым – напрыклад, спачатку ў беларускі банк, потым у польскі або нямецкі, або адразу ў афшорны банк - 4-5 хадоў, каб заблытаць падатковыя службы. Гэта могуць быць нафтапрадукты, прадукты харчавання, паслугі. Продаж паслуг цяпер таксама з’яўляецца прыхаванай формай трансферту і адмывання грошай. У рэшце рэшт гэтыя грошы асядаюць на рахунках афшорных кампаній. Дарэчы, афшорныя кампаніі ўсе легальныя, зарэгістраваныя ў сістэме рэестраў малых краін ці афшорных зон.

 

Еўрарадыё: То бок беларускія банкі папросту сталі звёнамі ланцуга па адмыванні?

 

Леанід Заіка: Вядома. Хоць банкіры ў нас не вельмі адукаваныя, фізікі, матэматыкі, ды і ў Расіі таксама мала прафесійных фінансістаў, але тым не менш яны ведаюць, што аперацыя павінна быць шматхадовай. Я падазраю, што, напэўна, хтосьці з кліентаў моцна ціснуў. Малыя банкі складаюцца з уласнікаў. Людзі, якія гэтыя банкі стварылі, самі гэтыя грошы і ганяюць. Магчыма, звярнуўся хтосьці з кліентаў, які, на думку гаспадара банка, заслугоўвае павагі. Але вы самі як банкір, які скончыў, напрыклад, “НарГас”, самі вы гэтым займацца не будзеце, цудоўна разумеючы што ў рэшце рэшт вас схопіць за руку фінансавая выведка ці інтэрпол. Таму шукаць у гэтай шматхадовай камбінацыі трэба сыравінныя кампаніі. Там, дзе гандлююць нафтай ці нафтапрадуктамі – дакладна будзе адмыванне.

Еўрарадыё: Міністэрства фінансаў ЗША яшчэ ў 2004 годзе вінаваціла адзін з цяпер абвінавачаных банкаў у адмыванні грошай Садама Хусэйна. Як вы мяркуеце, можа, і гэтым разам вядзецца пра супрацоўніцтва з нейкімі рэжымамі?

 

Леанід Заіка: Вядома, магло быць і так. Напрыклад, ёсць нейкая кампанія з іранскім капіталам, якая гандлюе пральным парашком. Зразумела, што па амерыканскай юрысдыкцыі яна далучаецца да спісу кампаній, якія выкарыстоўваюць грошы рэжыму. А пры Садаме Хусэйне, скажам, МАЗ прадаваў туды кантэйнеравозы, смеццевозы. Вось прадалі, гэтыя грошы прайшлі праз банк – вось табе і адмыванне грошай. Таму тут трэба разбірацца. Калі б гэтыя банкі мелі публічных экспертаў, маглі б паставіць кропкі над “і”. Што тычыцца сённяшняга дня, я не думаю, што гэтая гісторыя мае суперважнае значэнне. У тым спісе шмат банкаў, не толькі рускія ці украінскія, могуць быць і амерыканскія, нямецкія ці малых краін Еўропы. Зразумела, гэта працэс, трэба шукаць аўтараў гэтых здзелак і змагацца з нелегальным абаротам. Няхай нашы банкіры выкажуцца наконт таго, што адбылося, гэтаму трэба надаваць публічную агалоску.

*************

Выйсцем для крызіснай Грэцыі можа стацца ўвядзенне паралельнай валюты - новай валюты, якая будзе называцца "геўра". 

Еўрарадыё: Ці памятаеце вы lдоасед увядзення такой дадатковай псеўдавалюты?

 

Леанід Заіка: Вядома, досвед такі ёсць. Напрыклад, я працаваў у Кітаі – там былі простыя юані, іх называлі “драўлянымі”. А потым, калі кітайцы пачалі стабілізаваць эканоміку напачатку дзевяностых, яны ўвялі “вайхуі” - залатыя юані, якія наўпрост канвертаваліся ў долары, у ены. То бок дзве валюты - адна валюта мясцовая, кшталту грэчаскіх “геўра”. Ну, калі ўлады хочуць каб насельніцтва іх любіла – друкаваць грошы, павышаць заробак – няхай друкуюць нацыянальную валюту. З іншага боку, будзе паўнавартаснае еўра. Пазней усталююцца курсы – за адзін паўнавартасны еўра будзе 1,2-1,5 мясцовых. Гэта цікавы эксперымент, наяўнасць дзвюх валют. Насамрэч, гэта ўжо не еўра, гэта новая грашовая адзінка, за якую адказвае ўрад.

Еўрарадыё: То бок гэта валюта для ўнутранага карыстання, каб Грэцыя перастала цягнуць еўра на фінансавае дно, каб Еўропа не так перажывала з-за таго, што адбываецца ў Грэцыі?

 

Леанід Заіка: Так, калі падысці з навуковых пазіцый – гэта паралельная валюта, якая мае абмежаванае распаўсюджанне, у межах нацыянальнай эканамічнай прасторы. Вядома, вы можаце прывезці яе і ў Беларусь, ніхто не забароніць. А сэнс у тым, што гэтая грашовая адзінка цалкам адпавядае тым інтарэсам Грэцыі, якія існуюць на сённяшні дзень. Хочаце павялічыць пенсію – калі ласка, хочаце павялічыць расходы – калі ласка. Яна будзе інфляцыйная, яна будзе пастаянна дэвальвавацца. Калі вы не хочаце рабіць так, як вас вучыць Франкфурт ці Брусель, паглядзіце, што вы самі ўмееце рабіць. Паглядзіце на сябе ў люстэрка вось гэтай вашай валюты. Мне падаецца, еўрапейскія эканамісты проста стаміліся тлумачыць. А там грэчаскі сацыялізм, яны хочуць, каб усё было добра, каб усе атрымлівалі грошы і былі багатымі. Таму вось вам вашы грошы – і гуляйцеся.

Еўрарадыё: Да чаго гэта ў выніку можа прывесці?

 

Леанід Заіка: Практычна будзе два тыпы эканамічных паводзінаў. Першы – сацыяльны, сацыялістычны, калі гэтыя грэчаскія еўра будуць друкавацца, імі будуць выплачвацца стыпендыі, заробкі, іншыя сацыяльныя выплаты. А частка грэкаў, тыя, хто разумее, што хопіць гуляцца ва ўласныя мары пра будучыню, будуць карыстацца звычайнымі сапраўднымі еўра. То бок адразу вылучыцца сегмент - сацыялісты, прафсаюзы, сацыяльныя абаронцы, бярыце чамадан грэчаскіх еўра. А астатнія людзі, хто хоча мець нармальную грашовую адзінку - будуць жыць па правілах вялікага еўрапейскага еўра. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі