Эксперт: БАТЭ зноў можа згуляць з "Барселонай" другім складам

"Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка павінен пры жыцці гарэць у пекле. Ён вырашыў, што яго клубу няма чаго лавіць у матчы з “Барселонай” і выставіў моладзь. Гэта Ліга чэмпіёнаў, бульбяная твая душа. Ты, БАТЭ, патрапіў у Лігу чэмпіёнаў і пачынаеш у ёй кагосьці “абкатваць”?! Хто табе дазволіў?! Хто ты ўвогуле такі?! “Барса” выстаўляе першы склад, а БАТЭ некага там беражэ. “Барселона” іграе, а БАТЭ думае: “У нас у наступным туры вырашальная ігра з “Бульбачысткай” з Віцебска ці “Тарпеда” з Жодзіна. Яны думаюць, што Ліга чэмпіёнаў — школа. Хлопцы, гэта не школа. Гэта вышэйшы узровень. Ці гуляйце, ці ідзіце варыце лебяду і гатуйце крамбамбулю", — сказаў Васіль Уткін у эфіры радыё “Эхо Москвы”.

Пракаментаваць гэта выказванне мы папрасілі вядомага беларускага спартовага журналіста Мікалая Хадасевіча.

111026 hadasevich s.mp3

Еўрарадыё: Расійскі спартовы аглядальнік Васіль Уткін вельмі негатыўна выказаўся пра галоўнага трэнера БАТЭ Віктара Ганчарэнку. Нават назваў яго "таннай душонкаю". Ці сапраўды расійскі каментатар мае рацыю і Ганчарэнка насамрэч “абкатвае” навічкоў?


Мікалай Хадасевіч: Гэта досыць моцнае эмацыянальная выказванне, і яно, на мой погляд, не адлюстроўвае таго, што здарылася. Віктар Ганчарэнка выставіў на той момант аптымальны склад супраць "Барселоны". І ў Беларусі гучалі такія ж абвінавачванні, што выйшлі на поле маладыя спартсмэны, навічкі, як бы мовіць. Але ж я лічу, што такі "эмацыйны выхлап" з боку расійскага каментатара — недарэчны. Ганчарэнка выпусціў на поле маладых гульцоў, таму што і так было ясна, што БАТЭ прайграе. Але яму было важна, каб маладыя гульцы адчулі, што такое "Барселона", каб паспрабавалі гульню з такім вядомы клубам. Кожны клуб вырашае свае задачы ў кожным канкрэтным матчы, і каментаваць, не ведаючы гэтых канкрэтных задачаў, не мае сэнсу. Таму я негатыўна, але і спакойна паставіўся да таго, што сказаў спадар Уткін.

Еўрарадыё: БАТЭ да ліку 0:4 гуляла ў асноўным складзе, і толькі потым на замену выйшлі маладыя з запаснога складу. Пры самым канцы. Можа, у спадара Уткіна зайздрасць была, што БАТЭ, беларускі клуб, гуляе ў Лізе чэмпіёнаў, а не расійскі клуб? Што маем магчымасць "абкатаць" і навічкоў…

 

Мікалай Хадасевіч: Вы ведаеце, вельмі сумна было глядзець гульню, бо БАТЭ не хапала агрэсіі, і таму гульня атрымалася маркотнай. І нават сярод аглядальнікаў было такое меркаванне, што БАТЭ не павінна ўдзельнічаць у такім турніры, як ліга чэмпіёнаў. Але я лічу, што гэта вельмі прыватная справа спадара Ганчарэнкі, якая хоць і выклікае асуджэнне, але нічога не мае да класу каманды БАТЭ.

Еўрарадыё: На ваш погляд, якая мусіць быць рэакцыя трэнера БАТЭ Віктара Ганчарэнкі на такія ацэнкі?

 

Мікалай Хадасевіч: Віктар Міхайлавіч вельмі спакойны чалавек і аб'ектыўна ацэньвае ўсё, што дзеецца ў футболе. І ў яго вельмі слушныя чалавечыя крытэрыі, якіх ён прытрымліваецца. Таму я не лічу, што ён будзе неяк моцна рэагаваць на гэтую ацэнку з боку Уткіна.

Еўрарадыё: У БАТЭ будзе яшчэ адна гульня з "Барселонай". Ці будзе зроблена нейкая праца над памылкамі?

 

Мікалай Хадасевіч: У снежні, калі адбудзецца другі матч БАТЭ з "Барселонай", нельга выключыць, што Ганчарэнка зноў выставіць другі склад. Справа ў тым, што гэта даволі распаўсюджаная практыка ў еўрапейскіх клубаў, калі яны для вырашэння нейкіх унутраных пытанняў выстаўляюць у кубкавых турнірах другі склад. "Татэнхэм", напрыклад, так робіць. А робіцца гэта для таго, каб вырашыць нейкія пытанні ва ўнутраных чэмпіянатах. Тактычныя, а можа нават стратэгічныя. І ўмешвацца ў рашэнні трэнера не варта. Ён заўсёды лепей ведае, што патрэбна зрабіць, каб каманда была на ўзроўні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі