Эксперт: КХЛ павінна правесці расследаванне па справе Беражкова
Заснавальнік “Прэсбола” Уладзімір Беражкоў прыйшоў у “Дынама”, каб змагацца з карупцыяй, а ў выніку падазраецца ў крадзяжы грошай клуба.
Артыкул і ўтрыманне пад вартай
Навіна аб заключэнні былога выконваючага абавязкі генеральнага дырэктара хакейнага мінскага “Дынама” Уладзіміра Беражкова выклікае мноства водгукаў. Маўляў, садзіць у СІЗА за 45 мільёнаў — гэта ўжо перабор.
Следчы камітэт таксама называе артыкул, па якім падазраецца былы функцыянер — 210, частка 3. Гэта “Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі”. Частка 3 датычыць “асабліва буйнога памеру”. Юрыст Тамара Сідарэнка тлумачыць, што для такога артыкула і асабліва для яго трэцяй часткі заключэнне пад варту ў СІЗА — хутчэй норма, чым выключэнне.
“Гэта звычайная справа для такіх выпадкаў. Норма, калі пад варту бяруць падазраваных, якім пагражае ад двух гадоў пазбаўлення волі. Тут, як я разумею, нашмат больш”, — гаворыць юрыст.
І дадае, што ў беларускіх умовах 45 мільёнаў рублёў (столькі нібыта прысвоіў сабе Беражкоў) лічыцца вельмі значнай сумай. А тое, што ў маштабах хакейнага клуба “Дынама-Мінск” яна такой зусім не з’яўляецца — нічога не значыць.
Чым Беражкоў займаўся ў “Дынама”
Абавязкі генеральнага дырэктара Уладзімір Беражкоў выконваў усяго месяц — пасаду заняў пасля арышту папярэдняга генеральнага дырэктара Максіма Суботкіна. Дагэтуль Беражкоў быў генеральным менеджарам. На жаль, даведацца дакладныя функцыі людзей, якія займаюць у клубе такія пасады (ці маюць яны магчымасць нешта прысвоіць, напрыклад) пасля арышту Беражкова няпроста. У прэс-службе “Дынама” наўпрост гавораць, што ніякай інфармацыі клуб цяпер не агучвае і невядома нават прыблізна, калі пачне. Няма магчымасці таксама задаць некалькі пытанняў новаму в.а. генеральнага дырэктара — Анатолю Курыльцу.
Былы генеральны дырэктар ХК “Дынама-Мінск” Аляксей Торбін гаворыць, што пасаду генеральнага менеджара, на якую прыйшоў Беражкоў, у клубе заснавалі ўжо пасля яго. “За ўсё, што адбываецца ў клубе, адказвае генеральны дырэктар. Як і ўсюды. Магчыма, пазней нейкія паўнамоцтвы былі перададзеныя генеральнаму менеджару”, — гаворыць Торбін.
Журналіст выдання “Прэсбол” Вячаслаў Федарэнкаў мяркуе, што па сваіх функцыях Уладзімір Беражкоў наўрад ці меў непасрэдна справу з фінансамі. На думку эксперта, гэта сфера адказнасці акурат генеральнага дырэктара, а не менеджара:
“У маім разуменні канчатковы подпіс на ўсіх фінансавых дакументах ўсё адно ставіць генеральны дырэктар, а не хто іншы. Справа менеджара — арганізаваць працэс. Спартыўная частка. Магчыма, часткова маркетынг, але і тое гэта справа аддзела маркетынгу. А спартыўная частка — гэта забеспячэнне каманды ўсім неабходным. Канчатковы подпіс на фінансавых дакументах як і ў любой арганізацыі належыць кіраўніку клуба”.
Пасаду в.а. гендырэктара Беражкоў займаў пасля арышту Суботкіна прыкладна месяц. Вячаслаў Федарэнкаў адзначае, што для правядзення махінацый у клубе, дзе толькі-толькі арыштавалі дырэктара, трэба быць вельмі неразумным чалавекам. “Уладзімір Беражкоў зусім не такі. Гэта дакладна”, — робіць выснову эксперт, які працаваў у штаце Беражкова, калі апошні кіраваў спартыўнай газетай "Прэсбол".
“Сітуацыя з Беражковым не спрыяе іміджу КХЛ”
На просьбу Еўрарадыё сітуацыю з затрыманнем Беражкова пракаментаваў Уладзімір Таржкоў, які да канца мінулага года быў віцэ-прэзідэнтам КХЛ:
“Я даведаўся пра арышт Беражкова ў адпачынку. Вельмі непрыемна здзіўлены гэтым. Спадзяюся, што ўсё вырашыцца ў лепшы бок. І я спадзяюся, што кіраўніцтва КХЛ знойдзе магчымасці правесці ўласнае расследаванне сітуацыі. І калі магчыма, калі гэта рэальна, дапамагчы Уладзіміру Беражкову, як аднаму з вядомых менеджараў хакейнай лігі. Ёсць жа і карпаратыўныя ўзаемаадносіны. Спадзяюся, КХЛ палічыць магчымым дапамагчы Беражкову ў гэтай няпростай справе”, — гаворыць Таржкоў.
На думку былога функцыянера, справа з затрыманнем Уладзіміра Беражкова для яго асабіста выглядае вельмі дзіўна.
“Сума, пра якую ідзе гаворка, насамрэч дастаткова смешная. З улікам фінансавай сітуацыі ў Мінску, з улікам таго, колькі Беражкоў зарабляў у “Дынама” штомесяц. Гэта выглядае як вельмі дзіўная і своеасаблівая справа. Дэталяў я не ведаю, аб іх мне цяжка гаварыць… Асабістыя мае ўражанні: Уладзімір Беражкоў ― гэта шчыры і кваліфікаваны спецыяліст, які займаецца сваёй справай. Чыста па чалавечы я вельмі моцна спачуваю яму ў гэтай сітуацыі. І мне падаецца, што іміджу КХЛ і хакея ў цэлым гэта не спрыяе. Увогуле гэта сумная гісторыя”, — мяркуе Уладзімір Таржкоў.
Па вяртанні ў Маскву з адпачынку Таржкоў збіраецца атрымаць больш інфармацыі па справе Уладзіміра Беражкова, а таксама звязацца з яго роднымі.
Далейшы лёс былога галоўнага рэдактара газеты “Прэсбол” і ўжо былога кіраўніка хакейнага клуба “Дынама-Мінск” можа высветліцца 24 жніўня, калі па законе яму павінны быць прад’яўленыя афіцыйныя абвінавачванні. Пакуль жа клуб выступае на турніры ў Рызе без кіраўніка — Анатоль Курылец туды не паехаў. Першы матч беларусы прайгралі з лікам 3:4 рыжскаму "Дынама".
Фота tut.by