Эксперт: Заходні вектар украінскай палітыкі можа змяніцца на ўсходні
Дырэктар украінскага фонду Дэмакратычныя ініцыятывы Ірына Бекешкіна разважае пра бліжэйшыя знешнепалітычныя перспектывы Украіны.
Камуністы Украіны адстойваюць ідэю далучэння да Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана. Пра гэта ў інтэрв’ю БелТа заявіў першы сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Украіны Пётр Сіманенка.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, наколькі рэальна, што Украіна далучыцца да мытнага саюза?
Ірына Бекешкіна: Я думаю, што верагоднасць 50 на 50. Пра гэта мы даведаемся ў бліжэйшы час - 19 снежня ў Кіеве будзе праходзіць саміт з Еўрасаюзам. Калі пагадненне пра асацыяцыю з Украінай не будзе парафіраванае, а гэта цалкам верагодна, магчыма, што заходні вектар знешнепалітычнай арыентацыі, які абвяшчалі ўлады, зменіцца на ўсходні. Гэта звязана таксама з коштамі на газ. Ва Ўкраіне да ўлады прыйшоў буйны капітал, якому вельмі патрэбны танны газ. Зараз у нас яшчэ не прыняты бюджэт, пра кошты на газ трэба дамаўляцца з Расіяй. Цалкам магчыма, што негалоснай умовай змяншэння коштаў на газ будзе змяненне вектара знешнепалітычнай арыентацыі. Тым больш ва ўладаў будзе прыстойная нагода сказаць, што, паколькі захад не хоча даваць нам перспектыву членства ў ЕС, значыцца мы будзем больш цесна інтэгравацца з Расіяй. А танны кошт на газ зараз скрайне неабходны нашаму ўраду, бо ўмова крэдыту МВФ – збалансаваны бюджэт. А рэйтынгі ўладаў падаюць, у наступным годзе парламенцкія выбары, і ўсё гэта звязанае ў моцны вузел.
Еўрарадыё: Дык усё ж Януковіч цяпер працягвае праеўрапейскую палітыку Юшчанкі?
Ірына Бекешкіна: На словах – так, працягвае. Але палітыка згортвання дэмакратычных заваёваў відавочна ідзе супраць патрабаванняў еўраінтэграцыі, бо Еўропа будуецца на дэмакратычных каштоўнасцях.
Еўрарадыё: Але бізнэс алігархаў з Партыі рэгіёнаў знаходзіцца ў Еўропе. Наколькі алігархі дазволяць Януковічу інтэгравацца з Расіяй?
Ірына Бекешкіна: Па-першае, Януковіч стараецца аддаляцца ад ціску алігархаў. Па-другое, алігархі маюць рознанакіраваныя інтарэсы. Нашых алігархаў можна падзяліць на дзве часткі. Адна з іх – гэта найперш Ахметаў і тыя, хто арыентуецца на гандаль з Захадам. Ім патрэбны заходні рынак. А другая частка – звязаныя з газавай трубой. Яны зацікаўленыя ў танным газе.
Еўрарадыё: Лукашэнка прадаў беларускую газавую трубу Газпрому. А што адбываецца з украінскай трубой?
Ірына Бекешкіна: Па прынятаму ў нас закону забаронена прадаваць трубу. Калі яе захочуць прадаць, трэба каб Вярхоўная рада прыняла іншы закон, а гэта няпроста. Але гэта можна абысці, арганізаваўшы кансорцыюм кіравання газатранспартнай сістэмай. Але ўзнікае пытанне, наколькі пры гэтым Украіна захавае кантроль над гэтай трубой.
Еўрарадыё: Беларусі аказалася непатрэбнай труба пасля таго, як Расія і Германія пабудавалі паўночны паток. Ці патрэбная труба Украіне?
Ірына Бекешкіна: Па-першае, нават у выпадку пабудовы абыходных патокаў - паўночнага і паўднёвага - яны не змогуць узяць на сябе ўвесь аб’ём газа. Украінская труба застанецца вызначальнай. Па-другое, вельмі важныя яшчэ і сховішчы. Ва Ўкраіне велізарныя сховішчы ў Карпатах, без якіх немагчыма рэгуляваць пастаўку газу. А ў выпадку паўднёвага і паўночнага патоку сховішчы няма дзе пабудаваць. Пра гэта чамусьці ніхто не гаворыць.