Эксперт: Змены ў БАТЭ ашаламляльныя
Кіраўнік спартовага інтэрнэт-праекту goals.by Максім Беразінскі падзяліўся з Еўрарадыё сваімі ўражаннямі ад матчу БАТЭ — "Мілан" і даў ацэнку гэтай гульні.
Максім Беразінскі: БАТЭ правёў вельмі добры матч, меў нават некалькі момантаў, каб забіць гол. Калі параўноўваць гульню БАТЭ з "Барселонай", то змены былі ашаламляльныя. Нават нягледзячы на тое, што "Мілан" прыехаў у добрым настроі, бо да гэтага часу ўжо меў добрае палажэнне ў турнірнай табліцы і таму гуляў не з самай вялікай самаахвярнасцю, але БАТЭ выглядаў у гэтым матчы вельмі годна. Наша каманда гуляла смела, дзёрзка, забіла гол, хай і з супярэчлівага пенальці. Заўзятарам вельмі спадабалася. І я думаю, што гэта быў добры футбольны вечар.
Еўрарадыё: На пасляматчавай прэс-канферэнцыі трэнер "Мілану" Алегры сказаў, што ён не задаволены гульнёй сваёй каманды. Маўляў, "Мілан" павінен быў паставіць усе кропкі над "і" ужо ў першым тайме. Як вы лічыце, ці меў Алегры падставу разлічваць на лёгкую перамогу?
Максім Беразінскі: Безумоўна, у першым тайме "Мілан" мог скончыць гульню на сваю карысць. Напрыклад, калі быў выхад Рабіньё з Гутрам, калі ён трапіў у штангу. Але гэта футбол, тут нічога нельга загадваць. "Мілан" гэтая нічыя адпавядала, і я не думаю, што Алегры вельмі абураны на сваіх футбалістаў. У іх вельмі напружаны графік — "Мілан" гуляе праз тры дні на чацвёрты, і вядома, што каманда трохі прытамілася.
Еўрарадыё: У параўнанні з матчам у Мілане, які адбыўся два тыдні таму, калі на пазіцыі нападаючага гуляў Касана, які не прыехаў на гэты матч, і на яго месца быў пастаўлены Рабіньё, можаце параўнаць дзеянні гэтых двух футбалістаў?
Максім Беразінскі: Абодва яны — высокакласныя футбалісты. І я не думаю, што гэтая замена магла неяк істотным чынам адбіцца на гульні "Мілана". Манера гульні ў іх падобная. І ў прынцыпе Рабіньё гэтым разам гуляў не дрэнна. У "Мілана" доўгая лаўка, і там ёсць каму выйсці на замену. Асабіста я вызначыў бы гульню Скавыша, які выйшаў замест Кежмана і правёў вельмі добры матч, нягледзячы на тое, што часам ён быў не вельмі дакладны. Але цяжка з такім грандам як "Мілан" быць дакладнымі на працягу ўсёй гульні. Але тая самаадданасць, тая барацьба за мяч заслугоўвае толькі пахвалы.
Еўрарадыё: А як вы лічыце, што на гэты матч скажа вядомы футбольны эксперт Уткін?
Максім Беразінскі: А ён ужо выказаўся ўчора на НТВ. Уткін далей гаворыць, што БАТЭ гуляе ў вельмі кепскі футбол і вынікі апошняга матча не пераканаюць яко ў гэтым.
Еўрарадыё: Калі параўнаць першыя матчы, калі ў 2008 годзе БАТЭ выйшла на міжнародны ўзровень, з сёлетнімі, ці ёсць прагрэс менавіта ў арганізацыі гэтых матчаў?
Максім Беразінскі: Вядома, прагрэс відавочны. Няма праблемаў з білетамі, які назіраўся ў 2008 годзе, бо нейкім незразумелым чынам яны тады прадаваліся. Цяпер усё было празрыста, усё было выразна і ясна. Што датычыцца міліцыі на стадыёне — таксама ўсё было вельмі карэктна арганізавана, было шмат прапускных пунктаў, не было доўгіх чэргаў. Я лічу, што клуб БАТЭ і службы аховы правапарадку спісаліся добра.