Эксперты: Найбольш карысці ад Саюзнай дзяржавы ў беларускіх гастарбайтараў

130402_lukashuk_gastery.mp3

Эканаміст Леанід Заіка называе Саюзную дзяржаву “творчасцю постсавецкага кшталту”, “мадэллю, створанай для гіперкампенсацыі гістарычнай памяці”. Але эканамічнай паспяховасці яе не адмаўляе. Найперш — для беларускіх гастарбайтараў у Расіі.

Леанід Заіка: “Беларускія рабочыя могуць спакойна ехаць у Маскву ці іншыя гарады Расіі і атрымліваць сярэдні заробак па Расіі — у снежні ён быў 1215 долараў. А ў Беларусі сярэдні заробак у снежні быў 550 долараў. Таму беларусы, якія працуюць у Расіі, атрымліваюць двухразовую перавагу”.

А яшчэ ёсць магчымасць атрымліваць медычную дапамогу, урэгуляваныя і пенсійныя пытанні грамадзянаў нашых дзвюх краін. Што пра дзяржаўныя выгады ад знаходжання ў Саюзнай дзяржаве, тут эканаміст называе магчымасць атрымліваць танную расійскую нафту для перапрацоўкі на беларускіх прадпрыемствах.

Леанід Заіка: “Гэта другая палова ўсіх нашых валютных паступленняў. Набываем яе па 400 долараў за тону — гэта не венесуэльская ці азербайджанская нафта па 800 долараў — і прадаём нафтапрадукты па 835 долараў у краіны Еўрасаюза. Вось і ўсё — палова ўсяго экспарту, палова ўсёй валюты, якую зарабляе сучасная эканамічная эліта Беларусі, ёсць вынік развіцця гэтых адносінаў з Расіяй”.

На першае месца сярод поспехаў Саюзнай дзяржавы “сацыяльныя гарантыі для працоўных мігрантаў з Беларусі” ставіць і дацэнт кафедры палітычнай тэорыі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносінаў МЗС Расіі Кірыл Коктыш.


Кірыл Коктыш: “Максімальная ступень набліжэння, якая магла быць дасягнутая, яна ўжо была дасягнутая ў канцы 1990 гадоў — у пачатку 2000-х. Больш тут прасоўвацца Саюзная дзяржава не будзе. Калі нейкія крокі ў гэтым і будуць зробленыя, то — у Адзінай эканамічнай прасторы Еўразійскага саюза”.

Выканкам Саюзнай дзяржавы, лічыць суразмоўца Еўрарадыё, апошнім часам працуе досыць паспяхова — у межах таго невялікага бюджэту, які гэта "дзяржава" мае. Пра такія структуры, як Саюзны парламент, усе даўно забыліся. Пра дзясяткі “саюзных” законаў і рашэнняў Кірыл Коктыш раіць проста не думаць.

Кірыл Коктыш: “Працуе толькі адзін, але істотны, заканадаўчы акт: калі беларусы прыраўнаваныя да расіян, а расіяне — да беларусаў на тэрыторыі адзін аднаго. Гэта — магчымасць атрымліваць адукацыю, медычную дапамогу”.

Тым не менш Саюзная дзяржава існаваць павінна, упэўненыя эксперты. Нягледзячы на ўсю сваю “незаўважнасць”.

“Дэнансацыя Саюзнай дзяржавы імгненна пакіне без усялякіх правоў беларусаў, якія знаходзяцца на расійскай тэрыторыі”, — тлумачыць Коктыш.

Калі зараз сказаць, што нам хопіць Мытнага саюза, і Саюзную дзяржаву скасаваць, то анулююцца і тыя бонусы, якія маюць сёння нашы студэнты і турысты ў Расіі. А беларускія рабочыя прыраўнуюцца ў правах да гастарбайтараў з Цэнтральнай Азіі.

Фота: www.gs.by 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі