Эксперты: не трэба спяшацца браць рублёвы крэдыт

Па яго ў беларускі банк зараз варта ісці хіба што тым, каму не хапае пару мільёнаў рублёў на новае аўто. Астатнім, калі не карціць, эксперты раяць пачакаць — і крэдыты зробяцца таннейшыя Банкі пакуль што прагнозаў наконт дынамікі крэдытнай стаўкі не робяць. Асцярожнічаюць. Тыповы каментар, з якім давялося сутыкнуцца карэспандэнту Еўрарадыё пры падрыхтоўцы гэтага матэрыяла, даў начальнік аддзела грамадскіх сувязяў “Прыёрбанка” Андрэй Сакалоў:

Андрэй Сакалоў: “Мы не будзем пакуль што гэта каментаваць. Мы пакуль што чакаем, не можам даваць ніякіх каментароў на гэтую тэму”.

Што да экспертаў, дык яны, з большага, прагназуюць хуткае патанненне крэдытаў у рублях. Эканамічны аглядальнік Сяргей Жбанаў тлумачыць гэтыя аптымістычныя прагнозы пазіцыяй, якую займае ў дачыненні да рублёвага крэдытавання Нацбанк.

Сяргей Жбанаў: “Гэта ж кіраўнік Нацбанка днямі сказаў, што павышэння ставак па рублёвых крэдытах для насельніцтва не будзе, наадварот, мы плануем іх паніжаць!”

Напраўду, не ўсё так адназначна. Кацярына Смірнова, эксперт партала infobank.by, сцвярджае, што кошты крэдытаў на жыллё ў бліжэйшы час наўрад ці зменяцца, бо ў крэдытную стаўку банкі ўкладаюць рызыкі, якія правакуе доўгатэрміновасць. А найхутчэйшага патаннення трэба чакаць у дачыненні спажывецкіх крэдытаў. Працягвае Кацярына Смірнова:

Кацярына Смірнова: “Наконт спажывецкіх крэдытаў у беларускіх рублях. Тут можна чакаць павелічэння канкурэнцыі банкаў паміж сабой. Адпаведна, калі ніякіх калапсаў з курсам беларускага рублю не будзе, можна чакаць паніжэння ставак па гэтых крэдытах”.

Што датычыць аўтарынку, дык паводле Кацярыны Смірновай, рублёвыя крэдыты там ужо крыху таннейшыя за спажывецкія. Эксперт мяркуе, што і ў гэтым выпадку банкі будуць біцца за кліентаў.

Кацярына Смірнова: “Цяпер працэнтныя стаўкі па іх каля 22-23%, пачалі з’яўляцца такія прапановы. Думаю, што іх колькасць будзе ў бліжэйшы час расці, бо замест валютных крэдытаў тыя тры ці чатыры банкі, што вельмі актыўна займаліся аўтакрэдытаваннем у валюце, будуць прапаноўваць альтэрнатыву ў беларускіх рублях”.

Брэнд-мэнэджэр холдынга “Атлант М” Ілля Прохараў удакладняе, што на тое, каб сфармаваць сапраўды выгадныя прапановы па рублёвых крэдытах, банкам патрэбен час. Таму зараз, каб захаваць прыбыткі ад крэдытавання (а па статыстыцы, крэдытамі беларускія банкі зараблялі да 23% прыбытку), крэдытныя стаўкі банкі будуць павышаць. А паніжэнне калі і адбудзецца, дык вельмі няхутка.

Ілля Прохараў: “З агульнай масы банкаў застаецца толькі 15-20%, якія добра ўмеюць працаваць з такім рэсурсам, як крэдыты на аўтамабілі ў беларускіх рублях. Пакуль астатнія банкі прапануюць альтэрнатыўныя прапановы, пройдзе пэўны час. Таму той малой колькасці банкаў, якія ўжо працуюць з рублёвымі крэдытамі, апускаць працэнтную стаўку няма ніякага рэзону. На іх месцы я б нават падняў яе яшчэ!”

Людзей, якія спадзяваліся ўзяць валютны крэдыт пад 11%, спыніць нават стаўка ў 22-23% па крэдыце ў рублях, мяркуе Ілля Прохараў:

Ілля Прохараў: “Цяпер гэты чалавек сыходзіць. Сыходзіць на рынак аўтамабіляў, што былі ў карыстанні. Набывае невядома што і невядома ў каго. Гэта ніяк не кантралюецца. Дзяржава не атрымлівае падаткаў. Гэта што, добра?”

Калі вам карціць набыць аўто — дарагое ці проста новае — а грошай не хапае, нічога не зробіш: трэба крэдытавацца. У астатніх выпадках спяшацца з рублёвым крэдытам не варта. Палюючы на разгубленых кліентаў, банкі неўзабаве прапануюць больш выгадныя працэнтныя стаўкі. Так што, калі ў вас ёсць магчымасць — пачакайце.

Коллаж: comavto.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі