Электрычку Мінск — Ждановічы і метро злучыць перасадачны вузел
На станцыі метро "Маладзёжная" адкрыецца яшчэ адзін вестыбюль, які быў закансерваваны ад моманту яе адкрыцця ў 1995 годзе.
Пра гэта агенцтву "Мінск-Навіны" паведаміў начальнік Дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна Павел Царун.
Праз другі выхад па пешаходным тунэлі пасажыры змогуць трапіць на платформу станцыі Мінск-Паўночны на трасе хуткаснай электрычкі.
Будаўніцтва пешаходнага тунэлю "Мінсметрабуд" распачне бліжэйшым часам, а скончыць яго плануецца ў жніўні-верасні, удакладніў Павел Царун.
Дзякуючы новаму перасадачнаму вузлу пасажырам электрычкі не трэба будзе ехаць да станцыі Мінск-Пасажырскі, каб трапіць у метро. Не даязджаючы да чыгуначнага вакзала, яны змогуць спускацца на другую лінію падземкі, і наадварот.
Сёння "Маладзёжная" — адна з самых "маланаселеных" станцый мінскага метро. З адкрыццём новага перасадачнага вузла пасажырапаток на ёй павялічыцца.