Эмануіла Зельцэра паўторна агледзіць незалежны амерыканскі лекар

У аўторак 6 студзеня грамадзяніна ЗША Эмануіла Зельцэра, які адбывае ў Магілёве трохгадовае пакаранне, паўторна агледзіць незалежны амерыканскі спецыяліст. Пра гэта паведаміў адвакат асуджанага Дзмітрый Гарачка, перадае БелаПАН.
Паўторнага агляду дабівалася абарона і амбасада ЗША ў Беларусі. Лекар Альберт Бенчабат у чэрвені 2008 года ўжо аглядаў Зельцэра. У складзенай тады справаздачы адзначалася, што стан асуджанага "цалкам нездавальняючы, прычым хутка пагаршаецца", хворы знаходзіцца ў сур'ёзнай дэпрэсіі, не ў стане перамяшчацца і стаяць без пабочнай дапамогі, пакутуе ад боляў.

Лекар рэкамендаваў дазволіць асуджанаму прыём болепатольных, якія той прымаў да арышту, паколькі без іх ён "можа не перажыць зняволенне".

Паводле інфармацыі Бенчабата, яго рэкамендацыямі не толькі не скарысталіся, але нават не давялі да ведама медперсаналу, які адказвае за лячэнне Зельцэра, парушыўшы тым самым беларускія і міжнародныя законы".

Нагадаем, Зельцэр разам з сакратаром, грамадзянкай Расіі Уладленай Функ  быў арыштаваны 12 сакавіка 2008 года. 11 жніўня Мінскі гарадскі суд прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі за выкарыстанне заведама падманных дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж, Функ — да года пазбаўлення волі.

ЗША працягваюць настойваць на вызваленні Зельцэра з меркаванняў гуманнасці ў сувязі з цяжкім станам здароўя асуджанага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі