Эпідэміёлагі: У студзені-лютым эпідэмія грыпу можа быць мацнейшай

Беларускія навукоўцы-эпідэміёлагі не выключаюць магчымасці росту захворвання на грып і ВРВІ ў студзені-лютым будучага года. Такое развіццё сітуацыі прагназуюць эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і айчынныя спецыялісты. Пра гэта БЕЛТА паведаміў выканаўца абавязкаў дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі кандыдат медыцынскіх навук Аляксандр Пяткевіч. Па яго словах, адназначна казаць пра тое, што менавіта ў студзені-лютым будзе яшчэ адна хваля ВРВІ і грыпу, нельга. Рана казаць і пра інтэнсіўнасць будучага росту захворвання: усё залежыць ад розных фактараў, у тым ліку ад надвор'я. Акрамя таго, у Беларусі ад сезоннага грыпу ўжо прышчэпленыя больш за 1 млн чалавек, а частка насельніцтва ўжо перахварэла. У той жа час варта ўлічваць, што на гэты перыяд даводзіцца эпідэмія вірусных захворванняў, якая кожны год фіксуецца ў краіне. "Прагноз — справа няўдзячная, аднак гатовымі трэба быць да розных варыянтаў развіцця сітуацыі і выкарыстоўваць ужо назапашаны досвед", — сказаў Аляксандр Пяткевіч.

Ён дадаў, што цяпер захворванне на грып і ВРВІ ў Беларусі знізілася, у большасці гарадоў яно не перавышае эпідэмічных парогаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі