ЕС абяцае перамовы аб палёгцы візавага рэжыму для беларусаў

Еўрасаюз у найбліжэйшы час абвесціць пра рашэнне пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і паніжэнні коштаў шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі. Пра гэта паведаміў прадстаўнік МЗС Нямеччыны на сустрэчы з беларускімі журналістамі 16 кастрычніка ў Берліне. "Бліжэйшыя планы ЕС адносна Беларусі — гэтае памяншэнне кошту віз да 35 еўра", — заявіў прадстаўнік нямецкага МЗС, які пажадаў застацца неназваным. Паводле ягоных словаў, нельга разглядаць кошт 60 еўра за візу як санкцыю супраць беларускіх грамадзян. ЕС не зацікаўлены ізаляваць Беларусь і "пакідаць белую пляму на карце Еўропы", заявіў супрацоўнік знешнепалітычнага ведамства. "Няма прычынаў ставіцца ў візавым пытанні да грамадзян Беларусі інакш, чым да грамадзян Украіны і Расіі", — заявіў прадстаўнік МЗС Нямеччыны. Па ягонай інфармацыі, у 2007 г. нямецкая амбасада ў Мінску выдала каля 100 тыс. віз, з якіх траціна былі бясплатныя.

Як адзначыў дыпламат, рашэнні, якія тычацца шэнгенскіх віз, прымаюцца не толькі МЗС, але і МУС. "Калі МЗС зацікаўлены шырэй адчыніць дзверы, то МУС -- закрыць, турбуючыся пра сітуацыі з злачыннасцю", — сказаў ён.

Белапан

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі