ЕС не задаволены Беларуссю, але гатовы супрацоўнічаць

Еўрасаюз спадзяецца, што беларускія ўлады прыкладуць усе неабходныя намаганні для таго, каб мясцовыя выбары 25 красавіка адпавядалі міжнародным стандартам і нормам АБСЕ. Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешніх сувязях Кэтрын Эштан ад 30 сакавіка. У заяве гаворыцца, што апошнім часам у Беларусі абмяжоўвалася свабода сходу, асацыяцыі і выказвання.

"ЕС глыбока занепакоены ўціскам на прадстаўнікоў незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных структур у Беларусі. Так, няўрадавыя арганізацыі і апазіцыйныя партыі па-ранейшаму сустракаюцца з цяжкасцямі пры рэгістрацыі. Гэтыя тэндэнцыі выклікаюць асаблівую занепакоенасць напярэдадні мясцовых выбараў. Для ЕС вельмі важна, каб яны прайшлі добра", — адзначае Эштан.

Вярхоўны прадстаўнік ЕС падкрэслівае, што аб'яднаная Еўропа будзе ўважліва сачыць за ходам выбарчай кампаніі ў Беларусі.

Пры гэтым Кэтрын Эштан пацвердзіла гатоўнасць ЕС супрацоўнічаць з Беларуссю, у прыватнасці, у рамках палітыкі "Усходняга партнёрства". Паводле яе слоў, пашырэнне ўзаемадзеяння залежыць ад "канкрэтных захадаў Беларусі ў кірунку дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі