Эстонскі дыпламат Лахтэйн не выдаваў візаў беларускім сяброўкам
Эстонскае замежнапалітычнае ведамства завяршыла службовае расследаванне дзейнасці былога паверанага ў справах Эстоніі ў Беларусі Хары Лахтэйна, паведамляе Радыё Свабода. Інфармацыя пра тое, што ён нібыта выдаваў беларускім дзяўчатам шэнгенскія візы за інтымныя паслугі, не пацвердзілася. Такім чынам, дыпламат не парушаў закон. 23 жніўня ў рэдакцыі эстонскіх СМІ прыйшоў ананімны ліст, аўтар якога называў сябе 20-гадовай жыхаркай Мінску і сцвярджаў, нібыта Хары Лахтэйн вінаваты ў сэксуальных дамаганнях. Нібыта на знак удзячнасці ён зрабіў візы для аўтаркі ліста і яе сябровак. Разам з лістом прыйшлі фотаздымкі, на якіх можна было ўбачыць эстонскага часовага паверанага ў кампаніі з маладымі дзяўчатамі.