Еўрадэпутат: мясцовыя выбары стануць тэстам будучых адносін ЕС і Беларусі
"Сапраўдным тэстам нашых будучых адносін будуць мясцовыя ўлады 25 красавіка. Гэта не мусяць быць выбары без выбару, на якіх амаль 100% насельніцтва падтрымліваюць адну палітычную сілу, а дэпутаты хутчэй прызначаюцца, а не абіраюцца", – заявіў намеснік старшыні дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Юстас Палецкіс на паседжанні міні-сесіі Еўрапарламента па Беларусі. Юстас Палецкіс – адзін з чатырох еўрадэпутатаў, якія з сённяшняга дня знаходзяцца ў Беларусі ў складзе спецыяльнай місіі Еўрапарламента. Місія спадзяецца правесці адкрыты і канструкцыйны дыялог з апазіцыяй і ўладамі. Яна падрыхтуе справаздачу па канфлікце вакол польскай меншасці і прадставіць прапановы па ўдзеле Беларусі ў Еўранэсце.