Еўракамісія дасць 7 млн еўра бізнэсоўцам "Усходняга партнёрства"

Еўрапейская Камісія абвясціла конкурс для краін Усходняга партнёрства ў рамках праекту EAST-INVEST. Гэты праект мае бюджэт у 7 мільёнаў еўра, прызначаных для развіцця малога і сярэдняга бізнэсу. Як патлумачыў Еўрарадыё прэс-сакратар Прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Ўкраіне Давід Стулік, праект фармуецца па грантавым прынцыпе: перавага аддаецца найбольш прывабным заяўкам.

Стулік: Я магу сказаць, што гэты конкурс распаўсюджваецца на ўсе шэсць краінаў "Усходняга партнёрства", уключаючы і Беларусь. І потым пры адбор праектаў будзе вырашальнай іх якасць.

Паводле ўмоваў конкурсу, кожная заяўка павінна ўключаць удзельнікаў з трох краін "Усходняга партнёрства" і адной краіны Еўрасаюза. Таму, на думку спадара Стуліка, размеркаванне фінансаў будзе больш-менш раўнамерным па ўсіх краінах "Усходняга партнёрства".

Канчатковым тэрмінам падачы заявак на ўдзел у праекце з'яўляецца 4 сакавіка 2010 года.

Праект EAST-INVEST прадугледжвае ўмацаванне дыялогу паміж дзяржаўнымі і прыватнымі кампаніямі краін "Усходняга партнёрства", садзейнічанне абмену досведам паміж краінамі "Ўсходняга партнёрства" і ЕС для ўмацавання супрацоўніцтва ў бізнэсе, гандлю, перадачы тэхналогій, спрашчэнні мытных працэдур і інвестыцый, развіццё патэнцыялу малога і сярэдняга бізнэсу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі