Еўрамайдан ва Украіне: удзельнікі акцыі супрацьстаяць міліцыі (фота, відэа)

Нагодай для пратэстаў стала рашэнне прэм’ер-міністра краіны Мікалая Азарава адкласці падпісанне пагаднення аб асацыяцыі з ЕС. Да пратэстоўцаў у Кіеве далучыліся лідары апазіцыі, сярод якіх быў баксёр Віталь Клічко, перадае ВВС. Пратэсты працягваюцца трэція суткі.



Раніцай у суботу міліцыянты пачалі адцясняць людзей з Майдану Незалежнасці і пашыраць плошчу вакол месца ўсталявання навагодняй ялінкі. Людзей запэўнілі, што такія дзеянні звязаныя выключна з мантажам навагодняга ўпрыгожвання. Аднак мітынгоўцы заявілі, што іх спрабуюць выцесніць з месца пратэсту. Прысутныя абураліся, што да будаўнічых работ улада вырашыла прыцягнуць спецпадраздзяленне, інфармуе УНІАН.


Акруговы адміністратыўны суд Кіева на падставе звароту Кіеўскай гарадской адміністрацыі абмежаваў правядзенне мітынгаў і забараніў усталяванне намётаў у цэнтры сталіцы на перыяд з 22 лістапада па 7 студзеня 2014 года. Тым не менш пратэстоўцы спрабавалі паставіць намёты, але ім перашкодзілі байцы спецпадраздзялення “Беркут”.


Сутыкненні з міліцыяй былі і на акцыі ў Мікалаеве: спецназ збіў прыхільнікаў еўраінтэграцыі, сярод якіх былі жанчыны і людзі сталага веку. Адной з жанчын спатрэбілася медыцынскай дапамога.


Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС Украіна магла падпісаць на саміце ў Вільні, які пройдзе на наступным тыдні. Аднак з-за ціску з боку Расіі, якая хоча бачыць Украіну ў Мытным саюзе, падпісанне пагаднення адкладзенае.


Пратэсты супраць рашэння ўраду адбываюцца ў многіх украінскіх гарадах: у Кіеве, Львове, Луганску, Ужгарадзе, Днепрапятроўску, Данецку і іншых.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі