Еўрапарламент: Беларускіх дэпутатаў мы не запрашалі
14 студзеня ў будынку Еўрапарламента ў Бруселі адбылася першая сустрэча працоўнай групы па фармаванні Парламенцкай асамблеі Ўсходняга Партнёрства. Яна перадусім была прысвечаная таму, якім чынам нацыянальныя парламенты краін ЕС будуць уключаныя ў ініцыятыву.
Ад Беларусі ўдзельнічалі старшыня Пастаяннай камісіі Палаты Прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Маскевіч і старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспекі Ніна Мазай.
Гэта аднак не значыць, што Еўрапарламент прызнаў легітымнасць беларускага парламента, распавяла Еўрарадыё крыніца ў еўрапейскай структуры – арганізоўваў мерапрыемства зусім не Еўрапейскі, а нацыянальны шведскі парламент. Запрашэнні дасылаліся ад старшыні Камітэта па замежных справах парламента Швецыі Горана Ленмаркера.
Прадстаўнік Еўрапарламента: "Гэтая сустрэча была арганізаваная шведскім парламентам. Той факт, што яна праводзілася ў будынку Еўрапейскага парламента было проста тэхнічным пытаннем – мець памяшканне. Напраўду, Еўрапейскі Парламент да мерапрыемства мае мала дачынення".
На пытанне, чаму не запрасілі апазіцыянераў, крыніца адзначыла, што гэтае пытанне таксама вызначаў шведскі бок, і дачынення да яго Еўрапарламент не меў.
Нагадаем, Еўрапарламент не прызнае беларускі Нацыянальны сход легітымным, бо парламенцкія выбары верасня 2008 года не былі прызнаныя свабоднымі і справядлівымі.
Розныя еўрапейскія краіны па рознаму глядзяць на запрашэнне дэпутатаў беларускага парламента ў Еўранэст.
Прадстаўнік Еўрапарламента: "Прадстаўнікі парламентаў шэрагу краінаў ЕС не згодныя з тым, што дэлегацыя Беларусі мусіць складацца з дэпутатаў беларускага парламента. Гэтыя нацыянальныя парламенты не пагодзяцца з такой канцэпцыяй. І вядома ж, Еўрапейскі Парламент таксама з гэтым не згодны. Але ж Еўрапарламент не мае наўпроставага дачынення да гэтага пытання".
На сустрэчы 14 студзеня прысутнічалі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Літвы, Польшчы, Швецыі і Іспаніі. Супраць удзелу беларускіх парламентарыяў у Еўранэсце адназначна супраць выступіла Літва.
Адзначым, існуюць некалькі варыянтаў удзелу нашай краіны ў Еўранэсце. Па-першае, у склад беларускай дэлегацыі могуць увайсці толькі дэпутаты. Па-другое, у Еўранэсце могуць апынуцца як дэпутаты, так і апазіцыянеры, хутчэй за ўсё ў фармаце “5+5”. Па-трэцяе, прадстаўляць нашу краіну могуць толькі апазіцыйныя палітыкі. Мажліва, калі ў дэлегацыі будуць адно прадстаўнікі парламента альбо апазіцыі, то яны займеюць толькі паўнамоцтвы назіральнікаў.
Праўда, любы ўдзел апазіцыянераў меў бы перш за ўсё выключна статуснае значэнне, а не значэнне для рэальнай палітыкі, лічыць палітолаг Юры Чавусаў. Але запрасіць у дэлегацыю дэпутатаў – значыць пайсці насуперак каштоўнасцям ЕС.
Юры Чавусаў: "Уключэнне ў Парламенцкую Асамблею Усходняга Партнёрства выключна прадстаўнікоў афіцыйнага парламента азначала б фактычна прызнанне сістэмы фальсіфікацыяў, якая існуе ў Беларусі".
Чакаецца, што канчатковае рашэнне аб складзе беларускай дэлегацыі ў Еўранэсце будзе вядомае бліжэйшымі тыднямі. 21 студзеня гэта пытанне абмяркуе Канферэнцыя прэзідэнтаў – Прэзідэнт Еўрапарламента, старшыні палітычных групаў і адзін прадстаўнік ад еўрадэпутатаў, якія не ўваходзяць ні ў водную з палітычных групаў.
Устаноўчае паседжанне Еўранэста папярэдне запланаванае на сакавік 2010 года. У яго склад мусяць увайсці 60 дэпутатаў Еўрапраламента і па 10 прадстаўнікоў ад шасці краін, уключаных ва Ўсходняе Партнёрства, – Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.