Еўрапейцы пачалі выходзіць на вуліцы
Іспанія, Італія і Францыя паведамляюць пра самыя нізкія паказчыкі новых выпадкаў заражэння каранавірусам за суткі з пачатку пандэміі. Еўрапейцы пачалі выходзіць на вуліцы. Іспанцы ўпершыню за сем апошніх тыдняў змаглі выйсці з сваіх кватэр для занятку спортам (раней можна было выходзіць толькі ў краму ці для выгулу сабак), паведамляе "Бі-Бі-Сі". Італьянцам дазволілі выходзіць на вуліцы для заняткаў спортам, але пры гэтым трэба выконваць правілы сацыяльнага дыстанцыявання. Людзі могуць наведваць сваякоў, але толькі ў межах сваіх рэгіёнаў. Абмежаванні ў перасоўванні паміж рознымі рэгіёнамі Італіі захоўваюцца. Па-ранейшаму закрытая большасць крамаў, школы, кінатэатры. Чакаецца, што рэстараны і бары змогуць прыняць наведвальнікаў толькі ў чэрвені 2020-га. Францыя пачне аслабляць каранцінныя меры з 11 траўня. Паэтапна дзяцей пачнуць вяртаць у школы. Ад панядзелку пачала паступовы выхад з каранціну, які працягваецца ўжо шэсць тыдняў, Партугалія.
У Германіі адкрываюцца цэрквы, салоны прыгажосці, музеі, аднаўляць працу аўтамабільныя заводы. Канцлер Ангела Меркель у адказ на заклікі рэгіёнаў хутчэй выводзіць краіну з каранціну заявіла, што спешка можа прывесці да другой хвалі эпідэміі каранавіруса. Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан анансуе марудны і паэтапны выхад яго краіны з каранціна. Ён таксама папярэдзіў пра небяспеку "другой хвалі каранавіруса". У Сербіі адмянілі рэжым надзвычайнага становішча, у бліжэйшыя дні адменяць і каменданцкую гадзіну. Украіна збіраецца пачаць здымаць каранцін 11 траўня. У Расіі ж чакаюць піка захворванняў. За суткі там дадалося 10,5 тысячы выпадкаў COVID-19, крыху менш, чым у папярэдні дзень. Найбольш складаная сітуацыя ў Маскве, дзе штодня ў бальніцы прыводзяць у сярэднім 1700 чалавек.
У той жа час прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ў краіне колькасць ахвяр каранавіруса можа дасягнуць 100 тысяч чалавек. Ён прагназуе, што вакцына з'явіцца да канца гэтага года.
У свеце налічваецца 3,5 млн выпадкаў заражэння каранавірусам, найбольш у ЗША — 1,1 млн. Памерлі 248 тысяч чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.