Еўрарадыё даведалася, хто дакладна атрымае рок-карону

Параўнаўшы спіс выступоўцаў і запрошаных музыкаў на “Рок-Каранацыю-2007”, Еўрарадыё вызначыла, што ў намінацыі “Традыцыі і сучаснасць” пераможа гурт “Бан-Жвірба”, а “Праектам года” стануць “Калыханкі” Вайцюшкевіча Нават за некалькі дзён да “Рок-Каранацыі-2007” арганізатары мерапрыемства ўпэўніваюць, што ўсе вынікі галасаванняў стануць вядомыя непасрэдна падчас канцэрту:


“Усё сабрана, нешта яшчэ дападлічваецца. Але, натуральна, што ўсе вынікі стануць вядомыя непасрэдна на самой цырымоніі”.

Распавёў Еўрарадыё адзін з арганізатараў Сяргей Будкін.

У намінацыі “Традыцыі і сучаснасць” на рок-карону прэтэндуюць 5 намінантаў. Адзін з іх, Сяржук Сокалаў-Воюш, пастаянна жыве ў ЗША. А вось гурт OSIMIRA арганізатары запрасілі выступаць. Еўрарадыё раней паведамляла, што ані Testamentum Terrae, ані “Юр’ю” нават наведаць цырымонію не запрашалі. Юры Выдронак, лідэр “Юр’і”, напрыклад, палічыў такое стаўленне наогул дыскрымінацыяй у адносінах да беларускай культуры:

“Ды ніхто нас не запрашае і не хоча гэтага рабіць! У нас гаворка ідзе пра дыскрымінацыю сапраўднай беларускай культуры. Аб дыскрымінацыі сапраўднай беларускай песні. Адзіны беларускі гурт, які эксперыментуе з рокам і этна на базе здабытых у экспедыцыях матэрыялаў… Адна справа — па-беларуску спяваць, а іншая – традыцыйныя песні выконваць! А нас нават не запрашаюць!”

Высветлілася, што гурт “Бан-Жвірба”, які даведаўся пра тое, што з’яўляецца намінантам, праз Інтэрнэт, неўзабаве быў запрошаны на “Рок-Каранацыю”! Па словах вакаліста Міці Гаўрыліна, “Бан-Жвірбу” запрасілі на сцэну, толькі вось без інструментаў:

“ — Так, нас запрасілі прысутнічаць на цырымоніі, аднак пра ніякі выступ размовы не было. Сказалі так, што калі будуць раздаваць нейкія прызы, то выйдзеце на сцэну і забярэце…

— Атрымліваецца, што непасрэдна выступаць “Бан-Жбірбу” не запрашалі?

— Не, наконт выступаць размовы не было…


— А самі на “Рок-Каранацыю” пойдзеце?

— Не ведаю, але грошы ў такой сітуацыі за ўваход не хочацца…”

Прыкладна па той жа схеме на “Рок-Каранацыю” была запрошаная і вядомая беларуская піяршчыца Юля Ляшкевіч. Справа ў тым, што яна з’яўляецца сааўтаркай праекту Змітра Вайцюшкевіча “Калыханкі”. А “беларускі Курт Кабэйн” зараз знаходзіцца на гастролях у Японіі:

“Мяне сапраўды нечакана запрасілі. Нашыя “Калыханкі” проста ў суперкампаніі: “Басовішча”, “Дударскі фэст”… Аднак патэлефанавалі і сказалі, што абавязкова трэба прыйсці”.

Нагадаю, што “Рок-Каранацыя-2007” адбудзецца 29 лютага ў канцэртнай зале “Мінск”:

“Па маёй інфармацыі, большая частка квіткоў ужо распрададзеная. А зараз набыць, напэўна, можна толькі ў касах КЗ “Мінск”.

Дадам, што ў продажы засталіся квіткі, даражэйшыя за 40 тысячаў…




Намінацыі і прэтэндэнты:


Праект года

Песні Свабоды — 3. Складанка.
Сузор'е – Песьня пра зубра
Вайцюшкевіч Зміцер – Калыханкі
Хатынь: Tacet, Sed Loquitur
J:морс — Ледоколы. Live
Народны альбом. Live
Дударскі фэст
Басовішча- XVII

Альбом года

J:морс — Адлегласць
N.R.M. — 06
Крама — Усё жыццё - дзiўны сон
Крамбамбуля — Сьвяточная
Зьмiцер Вайцюшкевiч & WZ–Orkiestra — Лірыка
Ляпіс Трубяцкой — Капитал
Neuro Dubel — Stasi

Песня года

N.R.M. – Менск і Мінск
J:морс – Ледоколы
beZ bileta – Никогда не умирай
Ляпіс Трубяцкой — Капитал
Крама – Стэфка. Праз 20 год
Neuro Dubel - Край


Традыцыі і сучаснасць

Testamentum Terrae – Слаўны паніч
Бан-Жвірба – Забабоны
OSIMIRA – Druva
Сяржук Сокалаў-Воюш - Песні лісоўчыкаў
Юр'я - Рай коню

Адкрыццё года

Детидетей - Конверты для снов
Indra - Cонцавакол
M.L.A. - Такие же, какими были всегда

Прарыў года

Фляўс і Кляйн
Tarpach
Гурзуф
Haіr Peace Salon

Кліп года

Ляпіс Трубяцкой - Капитал (рэж. Аляксей Церахаў)
beZ bileta - Никогда не умирай (рэж. Мацвей Сабураў)
J:морс – Ледоколы (рэж. Максім Сіры)
Сяргей Пукст – Не было тебя (рэж. Максім Сіры)
Neuro Dubel - Край (тэлеканал Белсат)


Рок-Карона (гурт года)

Пераможца вызначаецца па сукупнасці заслуг:
- Альбом
- Перамогі ў фестывалях, конкурсах, актыўная канцэртная дзейнасць
- Наяўнасць песень у тэле- і радыё-ратацыі, сталая прысутнасць у інфармацыйнай прасторы

Фота: www.generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі