Еўрасаюз аплаціць вучобу беларускіх студэнтаў за мяжой

Еўракамісія выдзяліла каля 5 мільёнаў еўра для навучання студэнтаў з 10 універсітэтаў Беларусі, Украіны і Малдовы.
Еўракамісія прыняла рашэнне прафінансаваць другі кампанент праграмы "Эразмус Мундус" для універсітэтаў з Беларусі, Украіны і Малдовы.

У кансорцыюм разам з Беларускім і Брэсцкім дзяржаўнымі універсітэтамі ўваходзяць 2 універсітэты з Малдовы, 6 — з Украіны і 8 — з Еўропы. Курыруе праект універсітэт Дэюста (Deusto) з Іспаніі.

"Агульны бюджэт усяго кансорцыюма — каля 5 мільёнаў еўра. Гэтыя грошы разлічаныя на 48 месяцаў", — кажа каардынатар праектаў у сферы адукацыі і культуры прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Вячаслаў Шэлегейка.

У рамках праекта для Беларусі запланавана 65 абменаў для студэнтаў, аспірантаў і выкладчыкаў. Яны могуць працягваць вучобу ва універсітэтах Турку (Фінляндыя), Бардо (Францыя), у Гумбальдскім універсітэце Берліна, а таксама ў ВНУ Літвы, Італіі, Грэцыі, Польшчы, Партугаліі.

Студэнты, якія хочуць удзельнічаць у праекце, павінны звярнуцца ў свае дэканаты ў верасні 2010 года, дзе будуць складаць спісы кандыдатаў. Праўда, на ўдзел не могуць прэтэндаваць студэнты першых і апошніх курсаў.

БДУ і БрДУ ужо не першы год удзельнічаюць у праграме "Эразмус Мундус", распавёў Еўрарадыё Аляксей Хоміч, кіраўнік аддзела па міжнародных сувязях БрДУ.

З Брэсцкага ўніверсітэта штогод ездзяць на вучобу ў Еўропу 9-12 студэнтаў, 2-3 магістранты, па 2 аспіранты і выкладчыкі. Мэта праграмы — забяспечыць мабільнасць студэнтаў і стварыць адзіную еўрапейскую адукацыйную прастору.

Аляксей Хоміч: "Мы з 2007 года ў гэтым крыху ўдзельнічаем. І нашы людзі едуць на вучобу ў краіны ЕС і вучацца там. Студэнты — да 10 месяцаў, магістранты — 22 месяца, аспіранты — да 34 месяцаў. Выкладчыкі з ступенямі — 6-10 месяцаў. Адміністрацыйныя работнікі маглі выязджаць на месяц альбо тры, зараз месяц застаўся. Яны там атрымліваюць адзнакі, залікі, здаюць экзамены, а потым прывозяць гэта ў Беларусь".

Праўда, не ўсе экзамены і курсы перазалічваюцца ў Беларусі, бо пакуль навучальныя праграмы адрозніваюцца. Таму з'явіўся загад Мінадукацыі, згодна з якім можна даздаваць да 14 экзаменаў і залікаў. Студэнты, якія ўдзельнічаюць у праграме, пасля вяртання з замежных ВНУ даздаюць некаторыя прадметы.

Праграма "Эразмус Мундус" ахоплівае амаль усе краіны. І ёсць яшчэ яе першы кампанент, у якім могуць прыняць удзел усе студэнты з Беларусі з любой ВНУ.

Вячаслаў Шэлегейка: "Беларускія студэнты могуць удзельнічаць у адной з 124 магістарскіх або 22 доктарскіх праграм. Студэнт, які зацікаўлены ў навучанні на такой праграме, павінен на сайце "Эразмус Мундус" знайсці спіс гэтых праграм і звярнуцца ва універсітэт, які каардынуе гэтую праграму. І даведацца дакладныя ўмовы таго, як ён можа ў гэты універсітэт паступіць менавіта на гэтую праграму".

Далей ніякіх абмежаванняў няма. У першым кампаненце можа ўдзельнічаць любая колькасць людзей. Усе астатняе залежыць толькі ад якасці падрыхтоўкі самога студэнта.

Вячаслаў Шэлегейка: "Калі студэнт паспяхова праходзіць іспыт і ўніверсітэт прымае яго на праграму, то пасля універсітэт звяртаецца ў Еўрапейскую камісію з просьбай даць гэтаму студэнту стыпендыю "Эразмус Мундус".

Нагадаем, стыпендыя цалкам пакрывае аплату адукацыі, а таксама ўсе выдаткі на пражыванне ў горадзе, дзе знаходзіцца ўніверсітэт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі