Еўрасаюз - беларускім уладам: спыніце пераслед актывістаў і журналістаў

Славакія як краіна-старшыня ЕС распаўсюдзіла 28 сакавіка адмысловую заяву па Беларусі: "Ад імя краінаў-сябраў Еўрапейскага Саюзу выказваем моцнае расчараванне арыштам вялікай колькасці ўдзельнікаў, асабліва маладых людзей, а таксама асуджаем выкарыстанне сілы пры разгоне мірных дэманстрантаў акцыі з нагоды Дня Волі ў Мінску і іншых беларускіх гарадах 25 сакавіка.
Еўрапейскі Саюз, нагадваючы, што асноўная дэманстрацыя ў Мінску была дазволеная Мінскім гарадскім саветам і праходзіла мірна, заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць затрыманых і адмовіцца ад іх далейшага пераследу.

Еўрапейскі Саюз неаднаразова выказваў жаданне развіваць канструктыўныя стасункі з Беларуссю. Мы пазітыўна ўспрынялі недаўняе вызваленне ўсіх апроч аднаго міжнародна прызнаных палітычных вязняў у Беларусі. Мы паўторна нагадваем, што чакаем неадкладнага безумоўнага вызвалення спадара Аляксандра Казуліна, апошняга з палітычных вязняў. Гэта дазволіла б Еўрапейскаму Саюзу пачаць прагрэсіўнае паглыбленне стасункаў з Беларуссю.

Для таго каб палепшыць стасункі з Еўрапейскім Саюзам, беларускія ўлады павінныя ўстрымацца ад далейшых арыштаў і спыніць пераслед прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці.

У гэтым кантэксце падзеі 25 сакавіка і агульнанацыянальная аблава 27 cакавіка на мясцовых журналістаў, звязаных з замежнымі медыямі, выклікаюць наш асаблівы непакой. Не меншы непакой выклікае абыходжанне з амерыканскай амбасадаркай у Мінску і многімі з яе супрацоўнікаў, якіх у тэрміновым парадку змусілі пакінуць Беларусь.

Мы спадзяемся, што Беларусь зробіць хуткія і канкрэтныя крокі, якія дазволяць узнавіць пазітыўную дынаміку ў стасунках паміж Еўрапейскім Саюзам і Беларуссю".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі