Еўрасаюз будзе сачыць за ходам выбарчых кампаній у Беларусі ў 2010 і 2011 гадах

Еўрасаюз мае намер сачыць за ходам выбарчых кампаній у Беларусі ў 2010 і 2011 гадах. Пра гэта заявіла вярхоўная прадстаўніца ЕС па вонкавых сувязях і палітыцы бяспекі, віцэ-старшыня Еўракамісіі Кэтрын Эштан, выступаючы 11 студзеня перад дэпутатамі Еўрапарламента. Як паведамляе БелаПАН, Эштан прызналася, што раней ведала пра Беларусь няшмат. Ёй было вядома пра "стратэгічныя адносіны", якія Беларусь імкнулася развіваць з Расіяй, ствараючы Мытны саюз, а таксама пра "ўплыў беларуска-расійскіх адносін у міжнароднай перспектыве".

Віцэ-старшыня Еўракамісіі вітала пачатак дыялогу ЕС і Беларусі па пытанні правоў чалавека. Яна нагадала пра прыпыненыя візавыя санкцыі і пра "неабходнасць працаваць з беларускімі ўладамі для працягу лібералізацыі ў краіне".

Па словах Эштан, Савет ЕС мае абмеркаваць будучыню візавых санкцый, а таксама пытанне таго, што "ЕС яшчэ можа прапанаваць Беларусі". Пры гэтым яна адзначыла неабходнасць прыняць да ўвагі развіццё сітуацыі з Мытным саюзам.

Адказваючы на пытанне пра выкарыстанне Расіяй экспарту газу і нафты дзеля шантажу сваіх краін-суседзяў, Эштан паабяцала аказаць ціск на Маскву, каб яна разглядала пытанні паставак вуглевадародаў у эканамічнай, а не палітычнай плоскасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі