Еўрасаюз плануе падоўжыць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў

Еўрасаюз плануе зноў падоўжыць санкцыі ў дачыненні 41 беларускага службоўца, у тым да кіраўніка дзяржавы — Аляксандра Лукашэнкі. Як паведамляе бельгійская газета EU Observer, еўрапейскія дыпламаты 21 кастрычніка ў Брусэлі ўзгаднілі пытанне аб падаўжэнні санкцыяў і тэкст адпаведнай заявы. Яе прымуць міністры замежных справаў краінаў Саюзу 25 кастрычніка.

Адначасова з падаўжэннем санкцыяў, якія забараняюць беларускім чыноўнікам уезд на тэрыторыю аб’яднанай Еўропы, працягнуць і мараторы на гэтыя санкцыі ў дачыненні 36 чалавек. Пад дзеянне мараторыя не падпадаюць былы камандзір мінскага спецназа Юры Падабед, два былых міністра ўнутраных справаў Юры Сівакоў і Ўладзімір Навумаў, былы генеральны пракурор Віктар Шэйман і галава ЦВК Лідзія Ярмошына.

У Беларусі адсутнічае прагрэс у такіх сферах, як вяршынства закону, правы чалавека, свабода слова, сходаў і асацыяцыяў. Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую прымуць 25 кастрычніка. У той самы час Еўрасаюз павінен захаваць палітычны дыялог з Беларуссю на вышэйшым узроўні, бо гэта спосаб паразумецца і стварыць магчымасці для вырашэння праблемаў, якія выклікаюць занепакоенасць, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі