Experty.by назавуць лепшыя альбомы 2010 года
У фаварытах экспертаў - альбомы "Рух" ад Дзецідзяцей і "Афтары праўды" ад Neuro Dubel. Сярод новага - адсутнасць намінацыі "Лепшы поп-альбом".
1сакавіка музычны інтэрнэт-партал Experty.by назаве лепшыя беларускія альбомы 2010 па меркаванні беларускіх і замежных крытыкаў. Узнагароды з’яўляюцца працягам аднайменнага інтэрнэт-праекта, у межах якога беларускія запісы рэцэнзуюць і ацэньваюць вядучыя айчынныя музычныя крытыкі. Летась яны разгледзелі 44 новыя альбомы, якія былі выдадзены цягам 2010 года.
Барацьба за тытул лепшага альбома года па версіі штатных экспертаў сайта (З.Безкаравайны, С.Будкін, А.Клімаў, З.Падбярэзскі) разгарнецца паміж дыскам "Рух" гурта "Дзецідзяцей" і дыскам "Афтары праўды" гурта Neuro Dubel. Менавіта яны былі вызначаныя штатнымі аўтарамі лепшымі па выніках першага і другога паўгоддзя 2010 адпаведна.
Альбомы "Дзецідзяцей" і Neuro Dubel таксама лідыруюць у намінацыі "Прыз вялікага журы", лёс якога вырашаюць 12 беларускіх крытыкаў, сярод якіх музычная аглядальніца "БелГазеты" Таццяна Заміроўская, культуролаг Максім Жбанкоў, вядомы беларускі FM-спецыяліст Віталь Драздоў (прад’юсар "Хіт FM Украіна", "Радыё Рокс Украіна" і "Рускага Радыё Украіна") і іншыя.
Традыцыйна будзе названы лепшы альбом года па меркаванні замежных экспертаў з краін, з якімі мяжуе Беларусь. У гэтым годзе беларускія запісы слухалі і ацэньвалі Дзяніс Баярынаў (Openspace.ru, Расія), Роберт Санковскі (Gazeta Wyborcza, Польшча), Ёнас Ошкініс (Ore.lt, Літва), Дацэ Волфа (Muzikas Saule, Латвія), Макс Віхаць (@music, Украіна).
Акрамя гэтага ў намінацыі "Прыз народных экспертаў" будзе ўзнагароджаны альбом, які атрымаў самыя высокія адзнакі ад чытачоў сайта, а таксама названыя пераможцы ў намінацыях "Лепшы дэбютны альбом", "Лепшы рок-альбом", "Лепшы фолк-альбом", "Лепшы беларускамоўны альбом" і "Лепшы рэкард-лэйбл".
Цікава, што цягам мінулага года эксперты не знайшлі ніводнага годнага поп-альбома, таму вымушаны былі адмяніць намінацыю “Лепшы поп-альбом”. Кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны лічыць, што такая акалічнасць красамоўна сведчыць пра “творчы стан сённяшняй беларускай поп-сцэны”.
Нагадаем, па выніках 2009 лепшым беларускім альбомам па версіях штатных экспертаў і вялікага журы быў прызнаны дыск гурта The Toobes "Hello". "Прыз замежных экспертаў" атрымаў альбом гурта Port Mone "Dip", "Прыз народных экспертаў" – альбом "ViaVanilla" гурта Cherryvata.
Спісы і музыку лепшых рэлізаў 2010 па паўгоддзях можна знайсці на сайце Experty.by. Цырымонія ўручэння ўзнагародаў адбудзецца ў фармаце закрытага прэс-мерапрыемства.
Фота: www.generation.by