The Faces замянілі Сцюарта на вакаліста Simply Red

Легендарны брытанскі гурт The Faces вернецца да канцэртнай дзейнасці.  Як паведамляе New Musical Express, музыкі збіраюцца выступіць на фэсце Vintage At Goodwood, які пройдзе з 13 па 15 жніўня ў Сасэксе. Арыгінальны вакаліст гурта Род Сцюарт адмовіўся ад удзелу ў рэюніяне, у сувязі з чым астатнія ўдзельнікі The Faces запрасілі на ролю фронтмэна лідара Simply Red Міка Хэкнала.

Акрамя таго, месца нябожчыка басіста Роні Лейна ў The Faces зойме Глэн Мэтлак з Sex Pistols. У астатнім, склад зменаў не прадбачыцца, і разам з Хэкналам і Мэтлакам на сцэне з'явяцца клавішнік Ян Маклаган, бубнач Кэні Джонс і гітарыст Роні Вуд, вядомы цяпер як штатны ўдзельнік The Rolling Stones.

Гурт The Faces быў створаны ў 1969 годзе ўдзельнікамі Small Faces і The Jeff Beck Group і праіснаваў да 1975 года, выпусціўшы чатыры студыйных і адзін канцэртны альбом.

У кастрычніку 2009 года музыкі ўз'ядналіся на адзін канцэрт у Лондане. Тады Род Сцюарт таксама не браў удзелы ў шоў і быў заменены запрошанымі вакалістамі.

Фота: rgcred.wordpress.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі