АГП высветліць, хто даваў грошы на Палац Незалежнасці

Нагадаем, 17 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са студэнтамі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова заявіў, што ў будаўніцтва Палаца Незалежнасці ў Мінску не ўкладзена ніводнага рубля бюджэтных сродкаў.


Паводле слоў Лябедзькі, 29 жніўня АГП атрымала адказ на свой запыт з Міністэрства фінансаў наконт будаўніцтва аб'екта “Адміністрацыйны будынак на тэрыторыі ў межах вуліцы Арлоўскай — праспекта Пераможцаў — ракі Свіслач”.
“Адказ нас цалкам не задаволіў, але з яго вынікае, што будаўніцтва вядзецца 50 на 50 з рэспубліканскага бюджэту і бюджэту Мінска”, — паведаміў Лябедзька.


У адказе з Міністэрства фінансаў зазначаецца, што будаўніцтва аб'екта ўключана ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2012 год і фінансуецца “на аснове роўнадолевага ўдзелу сродкаў рэспубліканскага бюджэту і бюджэту горада Мінска”.



Таксама ў адказе паведамляецца: “У 2013 будаўніцтва аб'екта ажыццяўляецца ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 14 сакавіка 2013 № 126 “Аб зацвярджэнні Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2013” паралельна з распрацоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі, як гэта прадугледжана заданнем на праектаванне аб'екта, зацверджаным старшынёй Мінскага гарвыканкама. Улічваючы паралельнае вядзенне будаўніцтва аб'екта з распрацоўкай праектна-будаўнічай дакументацыі, канчатковы кошт аб'екта вызначаецца заказчыкам”.



Як паведаміў Лябедзька, 4 верасня АГП вырашыла адправіць запыт на адрас Мінгарвыканкама, каб даведацца, “чаму будаўніцтва Палаца Незалежнасці ці рэзідэнцыі прэзідэнта, як там напісана, вядзецца за кошт мінчан”.
Паводле слоў лідара партыі, адказ на гэты ліст пакуль не атрыманы, хаця ўжо закончыўся адведзены на разгляд звароту месячны тэрмін.



“Сёння мы звернемся да Генеральнага пракурора, якому прапаноўваем выступіць арбітрам, хто маніць — Міністэрства фінансаў ці Аляксандр Лукашэнка”, — заявіў Лябедзька.



Палітык мяркуе, што будаўніцтва Палаца Незалежнасці, а таксама звязаныя з гэтым заявы з'яўляюцца праявай карупцыйнасці цяперашняй улады, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі