Фестываль батлейкі пройдзе ў Мінску
У ім прымуць удзел 11 калектываў.
9-10 студзеня ў нядзельнай школе Елісавецінскага жаночага манастыра (Выгоцкага, 5) пройдзе Калядны рэспубліканскі праваслаўны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”.
У яго конкурснай праграме — спектаклі 11 калектываў. Сярод іх прафесійны тэатр-студыя “Вера. Надзея. Любоў” пры нядзельнай школе храма абраза Божай Маці “Усецарыца” (Ліда), Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” (Маладзечна), Сямейны тэатр “Батлейка” (Мінск) і іншыя, паведамляе Church.by.
Журы фестывалю вызначыць пераможцаў у намінацыях: “Лепшае мастацкае выкананне”, “Лепшае арыгінальнае рашэнне”, “Лепшае раскрыццё духоўна-маральнага зместу спектакля”.
У рамках фестывалю арганізуюцца тэматычныя круглыя сталы, творчыя майстар-класы, калядныя музычныя нумары, а таксама дабрачынная акцыя “Святло душы — дабрачыннасць” для дзяцей у інтэрнатах, дзіцячых дамах, навучальных установах.
Фота: budzma.org