Філосаф: Беларусы не схільныя да радыкальных ідэяў
У Міжнародны дзень спантаннай праявы дабрыні філосаф Алесь Анціпенка разважае, ці ўласцівая дабрыня беларусам і што ўплывае на нашыя характары.
Еўрарадыё: Ці беларусы – нацыя добрых людзей?
Анціпенка: Я думаю, што так. У беларусаў ёсць шмат талерантнасці, беларусы – людзі гасцінныя. Гэта адзначае шмат хто, хто бываў у нашай краіне. Гэта адна з праяваў дабрыні. Але, дабрыня перадусім – гэта праява любові. Любові да чалавека, да прыроды, да жывёлаў. Я не буду параўноўваць і не скажу, што беларусы дабрэйшыя за кагосьці, але нашая гісторыя – прынамсі дваццатага стагоддзя – сведчыць, што агрэсіўнасць не была рысай беларускай ментальнасці ў яе гістарычным вымярэнні.
Еўрарадыё: Можа ў нас мала раздражняльнікаў?..
Анціпенка: Ну, я не думаю, што мала было правакацыяў. Я мяркую, што неагрэсіўныя паводзіны – гэта праява механізму самавыжывання беларусаў. Беларусы не любяць быць агрэсіўнымі і не хацелі б правакаваць кагосьці. Таму, што даволі часта ў ХХ стагоддзі беларусы аказваліся ахвярамі. І ўвогуле, сацыялагічныя апытанні паказваюць, што беларусы не схільныя да нейкіх радыкальных ідэяў. Гэта тычыцца розных сфераў.
Еўрарадыё: І палітычнай бадай што таксама...
Анціпенка: Таксама. Відавочна, што беларусы не схільныя да нейкіх палітычных закалотаў.
Еўрарадыё: А ці можна звязваць узровень дабрыні з іншымі паказчыкамі? Напрыклад, з узроўнем развіцця краіны... Ці былі б мы дабрэйшымі, калі б у нас была лепшая эканамічная сітуацыя?
Анціпенка: Такія карэляцыі ёсць, але яны не надта істотныя. Я б хутчэй звязваў з культурніцкай традыцыяй і з гісторыяй. Гісторыя кожнага народа, гэта тая ж біяграфія. Калі ў гісторыі народу дамінуе агрэсіўны стыль паводзінаў, то цяжка сказаць, што гэтаму народу ўласцівая дабрыня. Цяжка сказаць, што імперскія памкненні – выказнік мірных і добрых намераў таго ці іншага народу. У гэтым сэнсе беларусы не дэманстравалі агрэсіўных паводзінаў да іншых народаў. У гэтым сэнсе беларусы – ціхія і мірныя еўрапейцы.