Фотамузычны "Поўдзень" з імправізацыяй

У Галерэі “Ў” на мінулым тыдні мінчукі маглі пабачыць новую форму фотавыставы — спалучэнне фота і музыкі. Фатографы з FunLabМаксім Шумілін і Міхаіл Лешчанка на адзін дзень перанеслі сваю выставу “Поўдзень” з кінатэатра “Перамога” ў галерэю, паклікалі сваіх сяброў-музыкаў і зладзілі музычную імправізацыю.


Усё выглядала вельмі камерна і эмацыйна. На белую сцяну вывешвалі па адной фотапрацы, гледзячы на якія, музыкі імправізавалі сваімі пачуццямі. Музыкаў было ўсяго двое — гэта Павел Кудрын, які граў на клавішах і Ілья Сцяпанаў, які дадаваў рытм на бубнах.




Здавалася ўражанне, што музыкі доўга рэпетавалі перад канцэртам, каб так дасканала абыграць кожны з фотаздымкаў, аднак не. Як сказаў Еўрарадыё Павел Кудрын, усё, што гралася — было імправізацыяй:

“Гэта была суцэльная імправізацыя. Я толькі прыгатаваў тэмбры, пагуляўся з імі дома, нешта найграў, і гэта лягло ў аснову маёй сённяшняй імправізацыі”.


Пасля канцэрту Еўрарадыё пацікавілася ў фатографаў, якія пачуцці вызваў у іх канцэрт:


“У мяне шмат перажыванняў выклікалі словы Пашы, калі ён каментаваў фотаздымкі і сваю музыку да іх. Але, шчыра, у мяне фота і музыка стаяць асобна, я ўсё ж больш слухаў канцэрт і на фотаздымкі рэдка глядзеў”, — сказаў Міхаіл Лешчанка.


“Для мяне было вельмі шмат новых пачуццяў. — сказаў Максім Шумілін. — Калі я слухаў музыку да сваіх фотаздымкаў, то пачынаў знаходзіць новыя сэнсы ў іх, пачынаў бачыць тое, чаго раней не бачыў. Насамрэч такія эксперыменты дапамагаюць па-новаму паглядзець на свае працы, да якіх часам вельмі прывыкаеш і ўжо нічога ў іх не бачыш”.


Аднак ні музыкі, ні фатографы, не палічылі такую ўдалую форму перадачы настрою фотаздымкаў нейкім новым відам сучаснага мастацтва, хаця ў анатацыі да мерапрыемства нешта падобнае было напісана.


“Можа я занадта пафасны тэкст напісаў, — сказаў Максім Шумілін. — але не, усе, што было — гэта спроба па-іншаму ўспрымаць”.

“Я не думаў пра тое, што гэта нейкая новая форма мастацтва, — пракаментаваў музыка Павел Кудрын. — Я займаюся акадэмічнай музыкай, я флейтыст, і мне перыядычна хочацца рабіць нешта сваё, нешта сачыняць. І я ўдзячны Максіму Шуміліну і Міхаілу Лешчанка, што яны мяне справакавалі на гэты канцэрт. Я вельмі сур’ёзна да яго паставіўся. І адчуваю, што выразіў сябе. Я сёння атрымаў задавальненне. І вельмі прыемная публіка была, вельмі прыемныя слухачы. Але не ўпэўнены, што я буду рабіць гэта яшчэ калі-небудзь.”


Таму можна лічыць тое, што адбылося ў галерэі “Ў” вечарам 15 студзеня унікальнай падзеяй, задавальненне ад якой, дарэчы, атрымалі і наведвальнікі (якіх была поўная галерэя, і якія, на дзіва, моўчкі і ўважліва слухалі ўвесь канцэрт), і самі музыкі і фатографы.


Еўрарадыё прапануе паслухаць адну з імправізацый, якая нас зачаравала. Гэта імправізацыя на фота “Купанне месяца”.



Фотавыставу “Поўдзень” можна паглядзець у кінатэатры “Перамога” да канца лютага, але, вядома, ужо без такога музычнага бонусу.

Глядзі таксама: funlabphoto.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі