Франак Вячорка: Брэд Піт ахоўваецца як Пуцін ці Лукашэнка, калі не горш

120523 Franak s.mp3

Еўрарадыё: Як успрынялі фільм “Жыве Беларусь”?

Франак Вячорка: Фільм успрынялі вельмі добра. Каб не сурочыць, рэакцыі вельмі пазітыўныя, і ўсе кажуць, што фільм трэба рэкламаваць.

Еўрарадыё: То бок, пра рэакцыю крытыкаў казаць яшчэ рана…

Франак Вячорка: Ой, я думаю, што рэакцыі будзе шмат. Думаю што з верасня пачнецца масавая хваля прамоцыі, дыстрыбуцыі, фільм з’явіцца ў еўрапейскіх кінатэатрах. Пакуль што, галоўнае, што мы зацікавілі фестываль і прадусараў.

Еўрарадыё: Ці хтосьці з прадусараў, дыстрыбутараў ужо выказаў жаданне набыць фільм, каб паказаць у сваёй краіне?

Франак Вячорка: Усе дамовы заключаюцца ўжо пасля заканчэння канскага фестывалю. Добра, што шмат людзей узялі ўдзел у паказе гэтага фільму. Думаю, што калі фестываль закончыцца 27-га траўня, то 28-га пачнуцца кантракты, дамовы, і фільм паедзе па фестывалях. Сёння на паказе былі прадстаўнікі расійскіх фестываляў. Магчыма, дай божа, што фільм трапіць нават туды. 

Еўрарадыё: А калі беларусы ўбачаць фільм?

Франак Вячорка: У верасні плануецца вялікая прэм’ера. Яна будзе ў адной з еўрапейскіх сталіцаў, можа, нават у Еўрапарламенце. А пасля прэм’еры фільм паедзе па свеце, трапіць у інтэрнэт, верагодна будзе выдадзены на DVD-дысках. Ужо ў кастрычніку Беларусь яго таксама пабачыць. 

Еўрарадыё: Нешматлікім беларусам атрымалася трапіць на Канскі фестываль. Ты таксама упершыню на ім. Як твае ўражанні?

Франак Вячорка: Я ніколі не браў удзелу ў нечым такім масавым і ўрачыстым, звязаным з кінематографам. Літаральна ўчора я зрабіў некалькі здымкаў Брэду Піту, які прадстаўляў адзін з фільмаў на конкурснай частцы фестывалю. Фестываль складаецца з некалькіх падзеяў: сам фестываль і конкурсная частка, кінакірмаш, паказы для аматараў кіно. Гэта і класічныя каны, дзе паказваюцца фільмы ад 70-ых гадоў, найлепшыя ў розных намінацыях і ў розных кірунках. Ну, і кожны дзень тут можна сустрэць зорак, паразмаўляць з імі, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі – гэтым я і займаюся. Таксама я пішу, раблю здымкі – на Радыё Свабода мы зробім рэпартаж пра Канскі фестываль.

Еўрарадыё: Ты бачыўся і размаўляў ўжо з Брэдам Пітам – з кім яшчэ атрымалася ўвайсці ў кантакт?

Франак Вячорка: Ой, вы што – да Брэда Піта не падысці. Ён ахоўваецца як Уладзімір Пуцін ці Аляксандар Лукашэнка, калі не горш. Але пабачыць жывога Брэда Піта – таксама падзея. Я яго сфоткаў, калі ён раздаваў аўтографы дзяўчынкам, якія вішчэлі ад захаплення. Быў яшчэ Бэн Стылер. У апошнія дні фестывалю прыедуць іншыя зоркі. Магчыма, будзе Брус Ўіліс. Наконт таго, ці атрымаецца з ім зрабіць інтэрвію – сумняюся, але буду старацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі