Французскі МЗС заступіўся за беларускіх палякаў

Міністэрства замежных справаў Францыі заклікала афіцыйны Мінск забяспечваць правы ўсіх беларускіх грамадзян, у тым ліку і польскай нацыянальнай меншасці. Такую заяву зрабіў прэс-сакратар французскага замежнапалітычнага ведамства Бернар Валяро. Па словах Валяро, становішча польскай меншасці ў Беларусі з'яўляецца прадметам клопату для ўсяго ЕС.

Валяро таксама падкрэсліў, што павага да правоў чалавека з'яўляецца найважнейшым правілам "Усходняга партнёрства". Беларусь удзельнічае ў праграме з 2009 года, таму яна павінна выконваць гэтае правіла, цытуе РАР словы прадстаўніка МЗС Францыі.

Як нагадвае "Хартыя'97", учора польскі Сэйм прыняў рэзалюцыю, якая асуджае дзеянні беларускіх уладаў. У сувязі з новай хваляй рэпрэсій супраць Саюза палякаў у Беларусі польскі парламент выказаўся за вяртанне санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінску.

Разам з тым учора ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка даў зразумець, што Саюза палякаў, пра які кажуць польскія ўлады, у Беларусі папросту не існуе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі