Фядута: Аляксандр Лукашэнка занадта часта сустракаўся з сілавікамі
Таму, на думку аналітыка, і даручыў сустрэчу свайму сыну (і заадно памочніку прэзідэнта).
Нагадаем, што выступ Віктара Лукашэнкі адбыўся 14 чэрвеня на сустрэчы ветэранаў і дзейных супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў. Яна прысвячалася 15-годдзю з дня правядзення аперацыі па вызваленні закладнікаў у адным з дзіцячых садкоў Мінска. Памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы і сын кіраўніка краіны Віктар Лукашэнка ці не ўпершыню трапіў у афіцыйныя навінавыя стужкі.
Але наўрад ці гэтая падзея азначае, што Віктар Лукашэнка спрабуе больш актывізавацца ў палітычнай сферы. Такое меркаванне ў гутарцы з Еўрарадыё выказаў палітычны аналітык Аляксандр Фядута.
Фядута: “Віктар Лукашэнка займае пасаду памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. Прэзідэнт у апошні час сустракаўся з сілавікамі нават занадта часта, таму даручыў памочніку”.
Эксперт нагадаў, што раней пасаду памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы займаў Віктар Шэйман і таксама даволі часта сустракаўся з сілавікамі.