Галандыя заклікае ўлады Беларусі справядліва падлічыць галасы і спыніць рэпрэсіі
Галандскі міністр замежных справаў Стэф Блок увечары 11 жніўня адказаў на запыт з галандскага парламента пра ацэнку сітуацыі ў Беларусі.
“Урад [Нідэрландаў] занепакоены правядзеннем выбараў у Беларусі ў нядзелю 9 жніўня і падзеямі пасля іх, асабліва – жорсткімі мерамі ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў, якія выйшлі на вуліцы, каб выказаць сваю незадаволенасць”, - гаворыцца ў лісце чыноўніка.
МЗС Нідэрландаў “заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх, хто быў затрыманы падчас дэманстрацый”. “Гвалт і рэпрэсіі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў непрымальныя і мусяць спыніцца”, - адзначыў Стэф Блок.
Міністр падкрэслівае, што, нягледзячы на абмежаваны доступ назіральнікаў да выбарчых участкаў, “на падставе даступнай інфармацыі ўрад лічыць, што [у Беларусі] не адбыліся свабодныя і справядлівыя выбары.” Таму “ключавым з’яўляецца дакладны і справядлівы падлік галасоў”.
Нідэрланды прапануюць любыя дзеянні ў дачыненні да Беларусі прымаць “супольна 27 краінамі Еўрапейскага Саюзу”. Пры гэтым Стэф Блок заклікае "не прымаць ніякіх мераў, якія могуць нанесці ўдар па беларускім насельніцтве”.