Галерэя "Ў" адсвяткавала свой першы Дзень нараджэння

Вось ужо год, як ўнікальны праект — першая прыватная галерэя сучаснага мастацтва "Ў" знаходзіцца пад пільнай увагай усёй беларускай арт-тусоўкі. Ад яе чакаюць адкрыцця новых імёнаў, дапамогі маладым мастакам, вырашэння адукацыйных пытанняў у арт-сферы, і каб усё гэта яшчэ і адпавядала духу і настрою яе аўтараў і кіраўнікоў — якасна, шчыра і з любоўю.
Свой першы Дзень нараджэння галерэя "Ў" адсвяткавала адкрыццём выставы Руслана Вашкевіча "Шкала Рыхтэра" ды сціплым фуршэтам з сябрамі.

Са словаў арт-дырэктара галерэі "Ў" Ані Чыстасердавай, з планаў, якія галерэя паставіла перад сабой год таму, выканана больш, чым 90%.

Аня Чыстасердава: "Крышачку мы сябе перахвалілі, вядома. Хаця б таму, што ў дзень адкрыцця мы заяўлялі пра кругласутачную працу галерэі, але ў любым выпадку, я думаю, мы адзіная культурная ўстанова, якая працуе да 10-ай гадзіны ўвечары без выходных і дае абсалютна свабодны доступ да усіх праектаў, якія мы паказваем".


За мінулы год, кажа Аня, галерэя "Ў" рэалізавала шмат праектаў, якія накіраваныя не толькі на прэзентацыю ўжо вядомых беларускіх аўтараў, але і на падтрымку маладога мастацтва ў межах праграмы "Старт".

Аня Чыстасердава: "Да канца года мы плануем парадаваць жыхароў нашага гораду праектамі, якія накіраваныя на прэзентацыю еўрапейскага мастацтва. Зараз жа мы рыхтуемся рэалізаваць 2 праекты сумесна са Шведскім інстытутам і да таго ж хутка мы парадуем правакацыйным відэа-арт праектам. Пакуль я не хачу раскрываць усе карты".


Праект Руслана Вашкевіча "Шкала Рыхтэра", які можна будзе паглядзець у галерэі "Ў" да 25-га кастрычніка, пераасэнсаванае аўтарам бачанне двух Рыхтэраў: мастака Герхарда Рыхтэра і сейсмолага Чарльза Рыхтэра. "Шкала Рыхтэра" уключае ў сябе восем карцін, на якіх намалявана жанчына з парасонам, якая з кожным палатном роліцца ўсё менш бачнай і нібыта знікае зусім, пакідаючы размыты вобраз. Пра сам праект Руслан Вашкевіч распавядаць не стаў, і параіў зазірнуць у прэс-рэлізы.




Руслан Вашкевіч: "Дзякуючы гэтым сімпатычным дзяўчатам так шмат добрых спраў робіцца ў нашым горадзе. І, натуральна, я быў страшэнна рады і горды, калі яны мне прапанавалі зрабіць свой праект у Дзень нараджэння галерэі "Ў".




Сярод шматлікіх гасцей галерэі ў той вечар Еўрарадыё разглядзела сябра мастака Руслана Вашкевіча — вядомага дызайнера Івана Айплатава.

Іван Айплатаў: "Мне Вашкевіч заўжды падабаўся, і гэта ўвогуле адзіны мастак у Беларусі, з якім я супрацоўнічаў. Гэта было, калі я рабіў лінію "Comedy Club Fashion", і мы выкарысталі прынты Руслана для калекцыі. Калісьці я выбраў яго са шматлікіх іншых мастакоў менавіта з-за таго, што мне вельмі падабаецца тое, што ён робіць".




Максім Жбанкоў

Што тычыцца працы галерэі "Ў", Іван Айплатаў не выключае магчымасці зладзіць на яе пляцоўцы адзін з сваіх паказаў. Адзіная праблема, якая ёсць у галерэі "Ў", кажа Іван, невялікая плошча.

Іван Айплатаў: "Мы разглядалі аднойчы магчымасць правядзення паказу маёй калекцыі ў галерэі "Ў". Але не атрымалася, бо не хапала плошчы. Але сёння я яшчэ раз прыглядзеўся — можна паспрабаваць! Шкада толькі, што не так шмат гасцей можа адначасова паглядзець паказ".




Прыемна тое, што да сферы мастацтва ўжо актыўна далучаецца бізнес і замежныя кампаніі, а таксама проста асобныя людзі, якія жадаюць падтрымаць галерэю.

Аня Чыстасердава: "Так, людзі, якія прыязджаюць сюды з-за мяжы, абсалютна спакойна праводзяць у галерэі свае семінары, чытаюць лекцыі. Хочацца верыць, што галерэя "Ў" стала такім штуршком для развіцця сучаснага мастацтва не толькі на пляцоўцы галерэі, але і на другіх пляцоўках Мінска".


У планах галерэі — пашырыць дыяпазоны і ладзіць тэатральныя праекты і прэзентацыі. У сілах і першапачатковая задума галерэі — адукацыйная функцыя.


Аня Чыстасердава
Аня Чыстасердава: "Мы плануем рэалізаваць адукацыйныя праграмы у сферы культурнага менеджменту з прыцягненнем лектараў з іншых краін. Цяжка працаваць без канкурэнцыі, бо ў нашым разуменні канкурэнцыя — гэта не мінус, а хутчэй плюс. Наша краіна даўно вартая таго, каб быў адкрыты афіцыйны цэнтр сучаснага мастацтва, які б падтрымліваўся дзяржавай. Нам крытычна не хапае пляцовак, бо, пагадзіцеся, для сталіцы наяўнасць усяго адной галерэі сучаснага мастацтва — гэта вельмі мала. Я толькі хачу пажадаць усім не баяцца, уваходзіць у нашы шэрагі і радаваць нас новымі і цікавымі праектамі".


дызайнер Уладзімір Цэслер
З’яўленне такой галерэі шмат гадоў было марай перш за ўсё маладых мастакоў. Так, мастак і куратар галерэі "Ў" у пошуку новых імёнаў Сяргей Шабохін адзначае важную ролю галерэі ў падтрымцы маладога мастацтва.

Сяргей Шабохін: "Студэнты заканчваюць Акадэмію мастацтваў, і не ведаюць, як уклініцца ў сучаснае мастацтва. Дык вось: яны заўжды могуць прыйсці сюды, паказаць партфоліа і ў агульным парадку падрыхтаваць свой праект для праграмы “Старт”. Абсалютна нікому ў галерэі не адмаўляецца".


Іван Айплатаў
Неаднаразова, падкрэсліваючы надзвычайны фармат, хваліў галерэю "Ў" і Міністр культуры, Павел Латушка.

Сяргей Шабохін: "Я думаю, галерэйны бум хутка з’явіцца, таму што і міністр культуры ўсяляк спрабуе гэты рух стымуляваць: напрыклад, абяцае паменшыць падаткі ў галерэйнай сферы. І кажа, што такіх галерэй павінна быць шмат, каб існавала актыўная канкурэнцыя. Бо мастацтва — гэта ў першую чаргу працэс, а не вынік. І сучаснае мастацтва пабудавана на камунікацыі і дыялогу".


спявачка Насця Шпакоўская з сям'ёй



У бліжэйшых планах галерэі "Ў" — адкрыццё бібліятэкі сучаснага мастацтва і заснаванне прэміі, якая б дапамагла стымуляваць развіццё сучаснага беларускага мастацтва.

Поспех галерэі "Ў" відавочны і абсалютны. Еўрарадыё зычыць ёй і яе кіраўнікам новых прастораў для выстаў, здзяйснення ўсіх мар і планаў і культурных наведвальнікаў!











Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі