Гандлярка са “Ждановічаў” шукае свае футры, а падаткавікі – як яе пакараць

Прадпрымальніца Ніна Гарост набыла і запоўніла таварную накладную, з-за адсутнасці якой падатковыя інспектары хацелі канфіскаваць яе тавар на суму каля 100 тысяч долараў. Але забіраць футры і дублёнкі ў калег, якія тыя пахавалі ад падатковых інспектараў па сваіх павільёнах, не спяшаецца – чакае, якое рашэнне ў дачыненні да яе прымуць фіскальныя органы. Нагадаем, што 19 жніўня падчас праверкі ў ГЦ “Свет моды” на рынку “Ждановічы” інспектары інспекцыі па падатках і зборах Заводскага раёна Мінску паспрабавалі канфіскаваць 142 футры і дублёнкі ў прадпрымальніцы Ніны Гарост на суму каля 100 тысяч долараў. Падставай стала адсутнасць у яе таварнай накладной. Дакумента, абавязковую наяўнасць якога ў прадпрымальнікаў да таго часу падаткавікі не патрабавалі. Менавіта гэтым Ніна Гарост і тлумачыла яго адсутнасць.

Ніна Гарост: “У адных дакументах пісалі, што яна патрэбна, па іншых – што не патрэбна. Калі сталі разбірацца пасля скандалу са мной, то не ўсе падатковыя службы лічылі, што яна патрэбна -- вось што цікава. У падатковых службах таксама ёсць розначытанні. У адной падатковай патрабуюць адно, у другой – іншае”.

Зараз прадпрымальніца зрабіла сабе гэтую накладную. Дарэчы, набываць іх неабходна ў самой падатковай інспекцыі. Па прадастаўленні пашпарта і пасведчання прадпрымальніка. Ніна Гарост растлумачыла Еўрарадыё, што з сябе ўяўляе дакумент, з-за якога ў яе хацелі канфіскаваць тавар.

Ніна Гарост: “Гэта накладная, якую я павінна запоўніць сама на сябе. Што ў мяне ў краме, у адпаведнасці з актам інвентарызацыі рэштак тавару, знаходзіцца такая колькасць тавару. І пералічыць яго. Вось і ўсё”.

19 жніўня прадпрымальніца знаходзілася на вяселлі ў Салігорску. У 11 гадзінаў ёй патэлефанавалі інспектары, што прыйшлі з праверкай, і далі паўтары гадзіны на тое, каб яна з’явілася ў сваёй краме і падала ўсю дакументацыю. Жанчына паспела ў прызначаны тэрмін даехаць з Салігорску да мінскага рынку. Але калегі прадпрымальніцы, якім стала вядома, што падаткавікі ўжо падрыхтавалі грузавы аўтамабіль для вывазу будучага канфіскату, пахавалі футры і дублёнкі па сваіх павільёнах.

Супрацьстаянне гандляроў і падатковых інспектароў скончылася ў той дзень акцыяй пратэсту, на якую сабралося каля 100 прадпрымальнікаў. А Ніну Гарост забрала “хуткая”. Днямі яе выпісалі з лякарні, але працаваць яна яшчэ не пачала. Прычыны дзве: да гэтага часу не вядома, што ў дачыненні да яе прымуць падаткавікі, і – ёй пакуль так і не вярнулі тавар.

Ніна Гарост: “Не вярнулі мой тавар. Але я спадзяюся, што вернуць. Праўда, спачатку я хачу разабрацца з падатковымі органамі: што там мне пагражае, -- а потым ужо буду з астатнім разбірацца. Буду звяртацца па радыё нашым рынкавым, буду прасіць, каб мне вярнулі. Толькі што мне рабіць зараз, я нават і не ведаю”.

Па словах прадпрымальніцы, у падатковай інспекцыі Завадскога раёна ёй параілі спакойна працаваць. Хоць і сказалі, што да гэтага часу не ведаюць, якое пакаранне яе чакае.

Памочнік намесніка начальніка падаткавай інспекцыі Заводскага раёна Юры Афанасьеў расказаў Еўрарадыё, што вырашаць далейшы лёс Ніны Гарост будуць у міністэрстве.

Юры Афанасьеў: “Мы ўсю інфармацыю накіравалі ў міністэрства па гэтай сітуацыі”.

Зараз у інспекцыі чакаюць указанняў, як сябе паводзіць далей. Калі ў міністэрстве вырашаць пакараць прадпрымальніцу і загадаюць раённай інспекцыі падрыхтаваць неабходныя дакументы для перадачы ў суд, то Ніна Гарост наўрад ці стане шукаць, хто з яе калег прыхаваў у сябе яе футры і дублёнкі.

Юры Афанасьеў: “Па гэтым парушэнні разглядае суд матэрыялы. Прадугледжваецца ў тым ліку і канфіскацыя тавару”.

Чыноўнік падатковай інспекцыі распавёў, што на рынку ўжо вывесілі спіс дакументаў, якія прадпрымальнікі абавязаныя мець. А таксама ўвялі мараторый на праверкі інспектарамі прадпрымальнікаў рынку “Ждановічы” да 20 верасня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі