Гавэл: Калі размова музыкаў і ўлады ішла на роўных, то такі дыялог патрэбны

Былы прэзідэнт Чэхіі паразважаў на тэму, ці варта беларускім музыкам размаўляць з уладамі, а таксама параўнаў беларускіх "рокераў" з чэшскімі.
Днямі экс-прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел сустрэўся з беларускімі журналістамі – былой галоўнай рэдактаркай “Камсамольской праўды ў Беларусі” Юліяй Слуцкай і незалежным журналістам Змітром Лукашуком. Падчас інтэрв’ю журналісты запыталі ў палітыка і драматурга Гавэла, як ён ставіцца да самой магчымасці дыялогу паміж творчай асобай і таталітарнай ўладай. Як прыклад журналісты з Беларусі распавялі пра паход рок-музыкаў Ігара Варашкевіча, Лявона Вольскага, Алега Хаменкі, Аляксандра Кулінковіча і Піта Паўлава да намесніка кіраўніка Упраўлення ідэалогіі Адміністрацыі прэзідэнта Алега Праляскоўскага.


Вацлаў Гавэл :У свой час у Чэхіі рок-музыкі адыгралі значную ролю ў барацьбе з рэжымам на шляху да дэмакратыі. Што ж тычыцца такіх сустрэч, то, на маю думку, бываюць выключэнні, калі на такія кантакты ісці можна і патрэбна. Усе залежыць ад таго, які кантэкст сустрэчы, хто і якія пытанні будзе задаваць. Безумоўна, калі сустрэча ўяўляе сабой не больш, чым спробу маніпулявання, альбо калі рок-музыкі будуць адчуваць, што размова з уладай ідзе не на роўных, то гэта вельмі дрэнна. Іх проста ўцягнуць у гульні і маніпуляцыі. Але калі гэтыя людзі маюць свае погляды, сваю пазіцыю, то чаму не? Такія кантакты патрэбныя”.

Былы лідэр Чэхіі выказаў словы салідарнасці з беларускім народам і сказаў, што ў іх краіне ўважліва сочаць за падзеямі ў Беларусі. Пажадаў поспехаў і сказаў, што некаторыя рэчы неабходна рабіць, нягледзячы на цяжкасці, якія чакаюць на абраным шляху.

Вацлаў Гавэл: “Пэўныя рэчы неабходна рабіць, не падлічваючы загадзя, наколькі выгаднымі і карыснымі яны будуць у будучым. Гэта трэба рабіць з прынцыпу, проста таму, што вы лічыце, што так будзе правільна. Не страчваць веры і надзеі, калі па вашых падліках тое, што вы робіце, не прынясе хуткіх вынікаў. Некаторыя рэчы робяцца ад душы, і гэтаму імпульсу неабходна следаваць”.

Поўны тэкст інтэрв’ю Вацлава Гавэла беларускім журналістам, якое яны падрыхтавалі адмыслова для Еўрарадыё, чытайце на нашым сайце праз пэўны час.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі