Гайдукевіч: Сабралі за 5 дзён 100 тысяч подпісаў — і да пабачэння!

Удзельнік прэзідэнцкіх выбараў 2001 (2,48%) і 2006 (3,5%) гадоў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч спыніў працу сваёй ініцыятыўнай групы. Адпаведную заяву палітык накіраваў раніцай 8 кастрычніка ў Цэнтрвыбаркам.

Еўрарадыё:
Чаму вы здымаецеся з выбарчай кампаніі? Што здарылася?

Сяргей Гайдукевіч: Сёння раніцай мы сабралі 100 тысяч подпісаў. Вось я цяпер у штабе сяджу... 100 тысяч 150 подпісаў за 5 дзён: мы ж толькі ў нядзелю раздалі пасведчанні.

Еўрарадыё: Дык навошта здымаць кандыдатуру?

Сяргей Гайдукевіч:
Для мяне падчас гэтай кампаніі найбольш важна было паказаць партыйцам — вось гэтым дзесяткам тысяч чалавек — як да нас ставяцца людзі. І мы зразумелі, што людзі да нас ставяцца шыкоўна. Подпісы мы збіраем імгненна! Але мы добра падумалі ўсе, і кандыдат у прэзідэнты падумаў — і вырашылі, што лепшы шлях для нашай партыі — не ўдзельнічаць. У гэтым спектаклі мы хочам застацца гледачамі.

Еўрарадыё: За каго прагаласуюць выбаршчыкі, якія маглі падтрымаць на выбарах вас?

Сяргей Гайдукевіч: Не! Ад мяне такога не будзе! Я — гэта я, і людзі, якія ў маёй партыі, будуць галасаваць толькі за мяне. За мільёны людзей не магу сказаць — але я прыняў рашэнне. І застаюся на вачах. Не трэба ні рэкламаваць мяне, ні ў пікетах стаяць. Вось проста за 5 дзён 100 тысяч подпісаў — і да пабачэння!

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што беларускія выбары згубілі 100 тысяч выбаршчыкаў, а то і болей?

Сяргей Гайдукевіч:
А гэта мяне не цікавіць. Я ў гэтым спектаклі не граю. Я глядач, мне так прасцей... Я сябе паказаў усім. І ў тым ліку вам. Але вы правільна кажаце: калі да 28 кастрычніка памножыць, колькі я магу набраць... Лічыце самі. Ну, няхай нават нешта магло б запаволіцца. Але як дасведчаны кандыдат у прэзідэнты ведаю: звычайна чым далей — тым болей. Пад канец ужо валам подпісы нясуць! Гэта я па мінулых выбарах ведаю. Але тады ў мяне такой ініцыятыўнай групы і блізка не было.

Еўрарадыё: Вашая ініцыятыўная група была па памеры большай, чым нават у прэзідэнта...

Сяргей Гайдукевіч: 10 тысяч 500 чалавек! І як яе толькі ні правяралі — толькі 40 чалавек знайшлі. З 10 тысяч! Ну, дзякаваць Богу, пачысцілі крыху. З відам на жыхарства там былі людзі, не мелі грамадзянства. Ну і ладна! На сёння мы лічым, што зрабілі правільна. Гэта глыбокае перакананне.

Еўрарадыё: То бок прэзідэнцкія амбіцыі для вас больш нічога не значаць? Бо літаральна два тыдні таму ў інтэрв'ю Еўрарадыё вы абяцалі на роўных "бадацца" з Лукашэнкам...

Сяргей Гайдукевіч: Мы думаем пра будучыню. Але я не буду вам зараз распавядаць... Я стратэг. Магутны патэнцыял партыі мы захавалі. Рэсурсы не выкінулі на вецер. Мы думаем пра будучыню. Хто разумны — той нас зразумее.

Еўрарадыё: Але мэта любой палітычнай партыі — улада...

Сяргей Гайдукевіч:
Мэта любой палітычнай партыі — дасягнуць стратэгічнага выніку. Мы лічым, што так трэба было зрабіць, каб яго дасягнуць. Будучыня за намі!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі