"Газету Слонімскую" чакаюць у судзе 10 лістапада

Старшыня слонімскага аб'яднання інвалідаў А.Новікава хоча спагнаць з мясцовай недзяржаўнай газеты 5 мільёнаў 800 тысяч рублёў і патрабуе абвяржэння нібыта непраўдзівай інфармацыі. Рэдактар "Газеты Слонімскай" Віктар Валадашчук паведаміў Еўрарадыё, што папярэдняя сустрэча была прызначаная на 6 лістапада, але потым перанесеная:  Валадашчук: Учора тэлефанавала суддзя, што ў яе вельмі складаная адна справа, і яна проста не паспявае закончыць яе. І папрасіла перанесці сустрэчу на панядзелак на 10 гадзінаў раніцы.

Нагодай для суду стаў жнівеньскі артыкул, прысвечаны праблемам слонімскіх інвалідаў і пошуку імі памяшкання. Інваліды звярнуліся да кандыдата з Партыі БНФ Івана Шэгі, бо справа адбывалася падчас выбарчай кампаніі. Апазіцыянер і звязаў між сабой інвалідаў і журналістаў. Калі матэрыял быў падрыхтаваны, інваліды папрасілі не друкаваць яго — у райвыканкаме ім абяцалі вырашыць праблему.

І.Шэга атрымаў папярэджанне ад выбарчай камісіі: яго абвінавацілі ў своеасаблівым "подкупе" выбарцаў. Пасля гэтага "Газета Слонімская" апублікавала матэрыял, а кіраўніца таварыства інвалідаў звярнулася ў суд з заявай, што факты не адпавядаюць рэчаіснасці.

Па словах галоўнага рэдактара газеты, выданне ўжо спрабавала развязаць канфлікт мірным, несудовым шляхам, але безвынікова:

Валадашчук: Я паспрабаваў яшчэ на самым пачатку нашага канфлікту нейкім чынам знайсці паразуменне. Але скончылася тым, што яна абвінавачыла мяне ў тым. што я ёй нібы чымсьці пагражаў і ўсё такое. І пасля нашай сустрэчы (хаця яна мела зусім іншы  характар, і зусім іначай усё было) мне пдавялося даваць тлумачэнні ў міліцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі