"Газпрам" можа ліквідаваць прадстаўніцтва ў Беларусі
У расійскай кампаніі гэтыя планы не каментуюць.
Расійская кампанія "Газпрам" можа ліквідаваць сваё прадстаўніцтва ў Беларусі. Савет дырэктароў разгледзіць гэтае пытанне 29 студзеня. Як адзначае РІА "Новости", "Газпрам" магчымую ліквідацыю мінскага прадстаўніцтва не каментуе.
Нагадаем, прадстаўніцтва "Газпрама" ў Беларусі было адкрыта ў Мінску ў снежні 1998 года. Яно абараняла і прадстаўляла інтарэсы кампаніі, яе даччыных таварыстваў на тэрыторыі нашай краіны.
У верасні 2013 года старшыня праўлення "Газпрама" Аляксей Мілер на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прадставіў горадабудаўнічую канцэпцыю шматфункцыянальнага комплексу кампаній групы "Газпром" у Мінску на месцы аўтавакзала "Маскоўскі". У пачатку снежня 2014-га стала вядома, што праект па будаўніцтве развязкі на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава ў Мінску прыпынены. Мінгарвыканкам і расійская кампанія "Газпрам", за кошт якіх на парытэтнай аснове павінна была фінансавацца пабудова аб'екта, не дамовіліся пра яе цану.
Фота: ria.ru