"Газпрам" у чарговы раз пацвердзіў, што Беларусь расплацілася за газ

Беларусь цалкам расплацілася за расійскі газ, пастаўлены ў першым паўгоддзі. Пра гэта было заяўлена сёння на сустрэчы ў цэнтральным офісе "Газпраму" намесніка старшыні праўлення Валерыя Голубева, намесніка міністра энергетыкі Беларусі Рымы Філімонавай і гендырэктара "Белтрансгазу" Уладзіміра Маёрава. Як паведамляе ИТАР-ТАСС, падчас сустрэчы былі падведзеныя вынікі супрацоўніцтва ў газавай сферы ў першай палове 2008-га, разгледжаныя перспектывы працы да канца года. "Бакі выказалі ўзаемнае задавальненне хадой выканання доўгатэрміновага кантракту на пастаўку і транзіт газу ў бягучым годзе", - падкрэслілі ў расійскай кампаніі.

Нагадаем, у ліпені "Газпрам" нават пагражаў Беларусі судом за запазычанасць па аплаце паставак газу. Сутнасць канфлікту ў тым, што ў другім квартале 2008 года Беларусь плаціла за газ па цане першага: 119 долараў за тысячу кубаметраў замест 128, як вызначана формулай, закладзенай у кантракце паміж "Газпрамам" і "Белтрансгазам" ад 31 снежня 2006 года.

Паводле падлікаў расійскіх экспертаў, сума запазычанасці Беларусі за другі квартал склала 45 мільёнаў долараў. Аднак ужо ў канцы ліпеня расійская кампанія заявіла, што прэтэнзій да беларускага боку не мае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі