Гендырэктар БелАЭС: Сітуацыя ў Расіі не адаб’ецца на фінансаванні праекта

Цяперашняя эканамічная сітуацыя ў Расіі не паўплывае на будаўніцтва Беларускай АЭС. Пра гэта заявіў БелаПАН генеральны дырэктар прадпрыемства Міхаіл Філімонаў. Паводле яго словаў, фінансаванне праекту было ўстойлівым, бесперабойным і ў неабходных аб’ёмах, нягледзячы на значнае зніжэнне курса расійскага рубля. Як мяркуе Філімонаў, зрываў тэрмінаў і аб’ёмаў крэдытавання не чакаецца.

Каментуючы сітуацыю з тэрмінамі будаўніцтва станцыі, гендырэктар прадпрыемства адзначыў, што ратыфікаваны парламентарыямі ў канцы лютага пратакол з папраўкамі ў міжурадавае пагадненне па будаўніцтве АЭС “мае карэктныя тэрміны ўводу ў эксплуатацыю энергаблокаў Беларускай АЭС, зафіксаваныя ў генеральным кантракце на яе ўзвядзенне, падпісаным 18 ліпеня 2012 года”.

Як патлумачыў Філімонаў, прадугледжвала папярэднія тэрміны ўводу АЭС, якія ў выніку стараннай прапрацоўкі пытання з генеральным падрадчыкам і генеральным праектоўшчыкам былі проста ўдакладненыя пры падпісанні генеральнага кантракту. Таму “гаворка пра змену (перанос) тэрмінаў будаўніцтва Беларускай АЭС не ідзе, усе працы выконваюцца без парушэння графіка”, — патлумачыў кіраўнік будаўніцтва атамнай станцыі.

Таксама Філімонаў абверг інфармацыю аб адтоку супрацоўнікаў расійскіх будаўнічых арганізацый з-за несвоечасовай аплаты працы. Па яго словах, колькасць занятых на будаўніцтве рабочых як з Беларусі, так і з Расіі расце — у сакавіку 2014 года працавала 1 600 чалавек, а цяпер — 3 155. Да канца года агульную колькасць рабочых плануюць павялічыць да 6 100 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі