Герой Абхазіі Руслан Харабуа: кіраўнік Беларусі патрапіў у капкан
Еўрарадыё пацікавілася, а што ж думаюць у Абхазіі пра "пакуты" беларускага кіраўніцтва, якое старанна адцягвае разгляд рашэння аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асетыі
Пытанне магчымага прызнання Беларуссю незалежнасці самаабвешчаных рэспублік Абхазіі і Паўднёвай Асетыі па-ранейшаму застаецца адкрытым. Ніхто не можа сказаць дакладна, ці будзе яно разглядацца 2 красавіка на сэсіі Палаты прадстаўнікоў, як гэта абяцалася раней. Не прасвятліла сітуацыю і нядаўняя сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Абхазіі.
Старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута краін СНД, Герой Абхазіі Руслан Харабуа кажа, што абхазам важна атрымаць прызнанне з боку Беларусі, але, у той жа час, яны разумеюць, што ніводная краіна не будзе прымаць рашэнні сабе на шкоду.
Руслан Харабуа: "Абхазcкі народ разумее, якая сітуацыя складваецца вакол Мінску. І можа хацелася б, каб было прызнанне. Але абхазскі народ усведамляе, што Мінск гуляе на сваю карысць, будзем тут шчырымі. Ніводная краіна не будзе прымаць рашэнне супраць сябе. Вельмі складана Лукашэнку вызначыцца ў гэтым пытанні. Прыходзіцца яму выкручвацца ў гэтай няпростай сітуацыі. А Абхазія застаецца закладнікам гэтай гульні".
На сустрэчы 23 сакавіка Аляксандра Лукашэнкі і Сяргея Багапша асобнай гутаркі пра прызнанне не было, хаця абхазскі прэзідэнт вельмі гэтага жадаў.
Руслан Харабуа: "Я не сумняюся, што кулуарна была размова аб прызнанні. Але афіцыйна Лукашэнка нічога не заяўляў".
Сяргей Багапш спадзяваўся падняць свой рэйтынг з дапамогай Беларусі. Па словах Харабуа, перад надыходзячымі прэзідэнтскімі выбарамі сітуацыя ў рэспубліцы складаецца не зусім на карысць Багапша.
І калі з зацікаўленасцю абхазскага кіраўніка ўсё зразумела, дык што ж дае прызнанне Беларусі самой Абхазіі? Руслан Харабуа кажа, што Беларусь — адзіная краіна ў свеце, якая заявіла аб такой магчымасці, і больш ім няма на каго спадзявацца:
"Калі была сітуацыя з блакадай, калі ў 1996-м годзе краіны СНД аб'явілі Абхазіі эканамічныя санкцыі. Беларусь нас падтрымлівала. Гэта дазваляе Абхазіі лічыць, што Беларусь можа прыняць гэтае рашэнне. Бо іншых краін, якія б заявілі аб жаданні прызнаць Абхазію — няма".
Каб кампенсаваць адцягванне прыняцця палітычнага рашэння, беларускі кіраўнік прапанаваў Сухумі эканамічнае партнёрства.
Руслан Харабуа: "Прэзідэнт Беларусі заявіў аб эканамічным супрацоўніцтве. Эканамічнае партнёрства лягчэй рэалізаваць для прэзідэнта Беларусі, чым прызнаць Абхазію ва ўмовах сённяшняга ціску з боку Еўропы".
Што ж да даты, калі ў Мінску нарэшце рашацца разгледзіць абхазскае пытанне, дык гэта можа адбыцца восенню.
Руслан Харабуа: "Вядома, парламент не сам будзе прымаць рашэнне. Гэта будзе цэнтралізаванае рашэнне з боку кіраўніцтва Беларусі. Парламент адкладзе гэтае пытанне. Магчыма, да восені. Бо цяпер Беларусь мае прапановы ад Еўропы, ад якіх нельга адмовіцца".
Нагадаю, беларускі палітолаг Юрый Шаўцоў у нядаўнім каментары Еўрарадыё таксама палічыў лагічным, што прызнанне можа адбыцца восенню. Паводле яго меркавання, Мінск пастараецца не падводзіць тыя сілы ў Еўропе, якія лабіруюць беларускі ўдзел ва "Ўсходнім партнёрстве" і збліжэнне Беларусі з ЕС.
Тым часам, у Сухумі ўсведамляюць, што чаканне вестак з Мінску можа расцягнуцца на доўгі тэрмін, і нават шкадуюць кіраўніка Беларусі.
"Мне падаецца, што прэзідэнт Беларусі патрапіў у капкан, які не дазваляе яму хутка вырашыць гэтае пытанне. Прыходзіцца яму выкручвацца ў гэтай няпростай сітуацыі", — адзначыў Руслан Харабуа.
Фота - belta.by
Фота - belta.by