Гібель курэй на птушкафабрыцы "Асобіна" — праз тэхналагічныя парушэнні
Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу правёў службовае расследаванне.
Яно тычылася фактаў гібелі птушкі на птушкафабрыцы РУП "Беларуснафта-Асобіна".
Пра масавую гібель курэй стала вядома некалькі дзён таму. Ананімны работнік фабрыкі, размешчанай у Буда-Кашалёўскім раёне, абнародаваў у інтэрнэце відэаролік. Ён сцвярджаў пра антысанітарыю на прадпрыемстве і масавую гібель птушкі — да тысячы курэй штодня.
Але па выніках расследавання інфекцыйных захворванняў птушкі ветэрынары не выявілі. Падзеж птушкі выкліканы грубымі парушэннямі тэхналагічнага працэсу гадоўлі бройлераў і безгаспадарлівасцю, перадае БЕЛТА.
Матэрыялы расследавання былі накіраваныя ў пракуратуру Гомельскай вобласці. Яна павінна даць прававую ацэнку дзеянням дырэктара і выканаўцы абавязкаў галоўнага ветлекара птушкафабрыкі.